Яндекс.Метрика

30 год свайго жыцця ў міліцы

Цёплы адкрыты позірк, мілая ўсмешка, мяккасць і павольнасць рухаў -- менавіта такія рысы адзначаюць лепяльчане у Алене Анатольеўне Атрахімовіч, якая каля 30 год свайго жыцця рабоце ў міліцыі, з іх больш за дзесяць год яна працавала начальнікам Інспекцыі па справах непаўналетніх. Што выдзяляе работніка міліцыі сярод астатніх? Падцягнутасць, цвёрдасць характару, прынцыповасць, гатоўнасць прыняць правільнае рашэнне ў складанай сітуацыі. Працуючы з падлеткамі, Алена Анатольеўна заўсёды магла знайсці да кожнага індывідуальны падыход, цярпліва разабрацца ў сітуацыі і растлумачыць юнаку, наколькі важна выбраць у жыцці верную сцяжынку. Моладзь гэта дачувала. Да сімаптычнай жанчыны ў пагонах хлопцы і дзяўчаты адносіліся не насцярожана, а бачылі ў ёй сябра і дарадчыка.

-- Для таго, каб працаваць з падлеткам, трэба быць добрым псіхолагам, зазірнуць у яго душу, -- адзанчае Алена Анатольеўна. -- Дзеці вельмі тонка адчувааюць унутраны настрой дарослых, іх нельга падмануць. Таму нашай асноўнай задачай было зрабіць усё магчымае, каб дзіця табе давярала, імкнулася падзяліцца сваім патаемным. Працаваць з дзецьмі Алене Анатольеўне было наканавана лёсам. Жанчына жартаўліва ўспамінае сваё дзяцінства, калі дарослыя цікавіліся, кім Алена жадае быць, калі вырасце. “Педагозем!” -- з гонарам адказвала дзяўчынка.

Сваю дзіцячую мару Алена пранесла праз школьныя гады. Пасля заканчэння школы паступіла ў Полацкае педагагічнае вучылішча і свой працоўны шлях пачала ў родным Верхнядзвінску. Любімую работу настаўніца сумяшчала з вучобай на матэматычным факультэце Віцебскага педагагічнага інстытута імя Кірава. Для таго, каб зрабіць жыццё дзяцей яркім і насычаным, арганізоўвала шэраг разнастайных мерапрыемстваў. Дзеткам Алена Анатольеўна выкладала матэматыку, англійскую мову, геаграфію, фізкультуру, працоўнае навучанне. І зараз Алена Анатольеўна з захапленнем успамінае сваіх першых вучняў. Многія з іх сталі працаваць у міліцыі.

Тое, што маладая настаўніца ў сваю справу ўкладвае душу, хутка заўважылі ў раёне. Як адказную і добрасумленную работніцу Алену Анатольеўну запрасілі працаваць у Верхнядзвінскі раённы аддзел унутраных спраў. У 1984 годзе Алена Анатольеўна была размеркавана на работу спецыялістам Інспекцыі па справах непаўналетніх у Лепельскі раённы аддзел унутраных спраў.

-- З якімі цяжкасцямі вам прыйшлося сустрэцца ў час работы? -- цікаўлюся ў суразмоўцы.

-- Мяне вельмі здзіўляла тое, што дзеці ўмеюць падманваць. Асноўны від правапарушэнняў, якія ўчынялі непаўналетнія хлопчыкі, дзяўчынкі, -- гэта крадзяжы. У кожным выпадку патрэбна было разабрацца, што прымушае падлетка ўчыніць правапарушэнне, правесці з ім даверлівую гутарку.

-- Успомніце, калі ласка, першую справу, якую вам прыйшлося разглядаць у Інспекцыі.

-- Гэту справу я запомніла на ўсё жыццё. У адносінах да 16-гадовага падлетка, які ўчыніў згвалтаванне, была ўзбуджана крымінальная справа. З ім мне даводзілася праводзіць прафілактычныя гутаркі. Як ні дзіўна, але ў час размовы ён паводзіў сябе стрымана, ветліва адказваў на ўсе пытанні. Ніяк не магла зразумець, як такі, на першы погляд, міралюбівы юнак мог учыніць такое цяжкае правапарушэнне. Было вельмі прыемна, калі, сустракаючы мяне на вуліцы, ён здалёк вітаўся. Праз некаторы час адслужыў у арміі і запрасіў мяне на вяселле. Спадзяюся, што нашы размовы не прайшлі для яго дарэмна і ў будучым ён задумаўся над сваімі паводзінамі.

У час работы прыходзілася бачыць многае. Вельмі шкада было бачыць няшчасных дзяцей, якія пакутуюць з-за п’янства бацькоў. Памятаю, як мы разам калегамі збіралі адзенне, старыя кнігі, цацкі і аддавалі дзеткам з няўдалых сем’яў. Многія ўжо сталі дарослыя, стварылі свае сем’і і па-ранейшаму памятаюць нас, пры сустрэчы расказваюць аб сваім жыцці.

Вялікую выхаваўчую работу Алена Анатольеўна праводзіла і з навучэнцамі Лепельскага дзяржпрафліцэя, наведвала інтэрнат, знаёмілася з умовамі пражывання моладзі, кантралявала дысцыпліну.

Дарэчы, працаваць прыходзілася ў няпростых умовах. Тады ў міліцыі было не так многа аўтамабіляў, а аб мабільнай сувязі ніхто і не марыў. Для таго, каб раскрываць правапарушэнні, да вёсак прыходзілася дабірацца пешшу. Памятаю, як сваёй хадой дабіралася да Забароўя, Стараселля і Пяскоў. Прыходзіла дадому позна вечарам стаміўшыся, а раніцай -- зноў на работу. Усе святы, у тым ліку і Новы Год, сустракала на рабоце.

З глыбокай удзячнасцю Алена Анатольеўна ўспамінае сваіх вопытных супрацоўнікаў -- начальніка аддзялення крымінальнага вышуку Аляксандра Шарлая, участковага Эдуарда Аўчыннікава, якія шчодра дзяліліся з калегамі сваімі ідэямі.

Шматлікіх грамат, якімі Алена Анатольеўна была ўзнагароджана за час службы, не пералічыць.