Яндекс.Метрика

Актыўна працуюць старэйшыны

На чарговае пасяджэнне прэзідыума Лепельскага раённага Савета дэпутатаў былі запрошаны прадстаўнікі аддзелаў і службаў райвыканкама, старшыні сельвыканкамаў. На павестку дня быў вынесены шэраг актуальных пытанняў. Так, першае пытанне было прысвечана тэме “Аб рабоце калегіяльных і аднаасобных органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання на тэрыторыі Каменскага і Баброўскага сельсаветаў”.

Старшыня Баброўскага сельсавета Тамара Ярыга засяродзіла ўвагу на рабоце органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, паколькі яны з'яўляюцца адным з важных элементаў сістэмы мясцовага самакіравання.

Прававой асновай дзейнасці з'яўляюцца Канстытуцыя, законы Рэспублікі Беларусь, у першую чаргу, Закон “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь”, нарматыўныя прававыя акты Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, а таксама рашэнні мясцовых органаў кіравання і самакіравання. Старшыня Каменскага сельвыканкама Мікалай Сініцын адзначыў, што на тэрыторыі сельсавета размешчаны 31 населены пункт, у якім пражывае 1911 чалавек, з іх 244 дзіцяці, 1142 чалавекі працаздольнага ўзросту і 525 пенсіянераў.

У цесным кантакце з сельскім Саветам дэпутатаў, сельскім выканаўчым камітэтам ажыццяўляюць сваю дзейнасць органы тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання. Сярод іх старэйшыны сельскіх населеных пунктаў і сельскія камітэты.

Усе старэйшыны вёскі Камень адказныя, актыўныя людзі, выконваюць свае абавязкі належным чынам, не перавышаючы сваіх паўнамоцтваў.

Яны карыстаюцца заслужаным аўтарытэтам і падтрымкай насельніцтва. Да іх звяртаюцца па любых пытаннях грамадскага жыцця, нават за наладжваннем сямейных спрэчак і канфліктаў. Актыўны ўдзел у рабоце пасяджэнняў выканкама, сесій сельскага Савета прымае старэйшына вёскі Чарэйшчына Алег Ляшчынскі.

У 2008 годзе праведзена тры сходы грамадзян, на якіх прысутнічала ад 48 да 96 чалавек, дзесяць сустрэч інфармацыйна-прапагандысцкіх груп, дзе было каля 280 чалавек. На сустрэчы з дэпутатам Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь прысутнічала 43 чалавекі.

Члены сельвыканкама аказваюць дапамогу работнікам культуры ў арганізацыі і правядзенні святаў Масленіцы, Купалля, прысвечаных Міжнароднаму жаночаму дню, Дню пажылога чалавека, Дню маці. Ярка і запамінальна прайшло свята вёскі Уліцінкі і многія іншыя. Старшыня сельвыканкама з’яўляецца актыўным удзельнікам мастацкай самадзейнасці.

Сельвыканкам, участковы інспектар Лепельскага РАУС і сацыяльны педагог праводзяць прафілактычную работу з няўдалымі сем’ямі. На асобым кантролі знаходзіцца сям’я А.В.Кулачонка, Н.В.Міхаль, дзе выхоўваюцца малалетнія дзеці.

Пытанні бытавога абслугоўвання насельніцтва пастаянна знаходзяцца ў полі зроку членаў сельвыканкама. У першую чаргу гэта вулічнае асвятленне, ачыстка дарог ад снегу ў зімні час, работа аўтамагазіна па забеспячэнню насельніцтва таварамі першай неабходнасці згодна з асартыментным пералікам. А.Стрэльчанка з аграгарадка Чарэйшчына перанесены ліхтар вулічнага асвятлення і ўстаноўлены насупраць яе дома. Пенсіянерцы Галіны Шалкоўнікавай з вёскі Бабча адрамантаваны калодзеж, пенсіянерцы Раісы Палонскай абкошана пустазелле, па ініцыятыве старэйшыны вёскі Слабодка спілаваны аварыйныя дрэвы насупраць дома П.Баранава.

Заслугоўвае ўвагі і практыка работы старэйшын Сяргея Атрашкевіча з вёскі Бароўка 2-ая, Алены Панізавец з вёскі Стараселле і Валянціны Кузьмічонак з вёскі Пяскі. С.М.Атрашкевіч арганізаваў грамадзян на вырубку кустоўя, падсыпку 400 метраў дарогі. Акрамя таго, па ініцыятыве старэйшыны была пафарбавана агароджа даўжынёй 320 метраў.

Ганна Валадзько была абрана старэйшынай вёскі Бор у 1995 годзе. Нягледзячы на свой пажылы ўзрост, аказвае дапамогу аднавяскоўцам у вырашэнні набалелых пытанняў. Усе рашэнні мясцовай улады Ганна Іванаўна даводзіць да мясцовых жыхароў. Старэйшына вёскі арганізуе яўку грамадзян на вясковыя сходы, сустрэчы інфармацыйна-прапагандысцкіх груп з насельніцтвам. Акрамя таго, старэйшына вядзе растлумачальную работу з насельніцтвам па навядзенню парадку на зямлі каля асабістых домаўладанняў. З гэтай мэтай праводзіліся падворныя абходы, у ходзе якіх выдадзены чатыры прадпісанні. Вядзецца праверка выканання прадпісанняў. Усе яны выкананы на працягу трох дзён. Каля свайго домаўладання старэйшына вёскі пастаянна падтрымлівае парадак, высаджвае кветкі, тым самым паказваючы асабісты прыклад аднавяскоўцам. Ганна Іванаўна асабіста ўдзельнічала ў газіфікацыі вёскі Бор.

Мясцовыя жыхары сумесна са старэйшынай вёскі наводзілі парадак на могілках вёскі Бор. Былі спілаваны старыя аварыйныя дрэвы, убрана кустоўе, адрамантавана агароджа. Па просьбе інваліда Савецкай арміі Івана Валадзько было вырашана пытанне аб дастаўцы дроў.

У сельвыканкаме распрацавана палажэнне па заахвочванню лепшых старэйшын. Кожны квартал яны атрымліваюць грашовую прэмію ў памеры ад адной да дзвюх з паловай базавых велічынь.

Старэйшыны Баброўскага і Каменскага сельсаветаў прымалі ўдзел у трэцім раённым сходзе старэйшын, дзе лепшыя па выніках работы былі ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі раённых Савета дэпутатаў і выканкама, а старэйшына вёсак Суша і Завадзіна Таццяна Буртыль узнагароджана Ганаровай граматай Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў.

У бюджэтах сельсаветаў у 2011 годзе прадугледжаны сродкі на заахвочванне старэйшын у памеры 33 мільёны рублёў, у тым ліку ў Баброўскім -- 4,1 мільёна рублёў і ў Каменскім -- 5, 9 мільёна рублёў.

На пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў былі абмеркаваны і іншыя пытанні. Начальнік фінансавага аддзела раённага выканаўчага камітэта Святлана Анышка асвяціла ў сваім выступленні тэму “Аб зборы сродкаў самаабкладання і іх расходавання на тэрыторыі сельсаветаў”. З выступлення старшыні раённага Савета дэпутатаў Мікалая Місюры ўсе даведаліся аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку фарміравання і паўнамоцтвах папячыцельскага (назіральнага) савета па пытаннях справы пахавання, які ствараецца пры мясцовых Саветах дэпутатаў Лепельскага раёна.

Па кожнай з тэм, якая была разгледжана ў час работы прэзідыума, былі прыняты адпаведныя рашэнні.