Яндекс.Метрика

Будатрадаўскія будні

Актывісты Лепельскай раённай арганізацыі ГА “Беларускі рэспубліканскі Саюз моладзі” –- навучэнцы Лепельскага аграрна-тэхнічнага каледжа, дзяржаўнага прафесійнага ліцэя, вучні школ ужо не першы год уваходзяць у склад будаўнічых атрадаў, прымаюць актыўны ўдзел у добраўпарадкаванні тэрыторый гарадскіх арганізацый і прадпрыемстваў.

Суполку актыўных будатрадаўцаў папоўнілі навучэнцы Лепельскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя, якія прынялі ўдзел у адкрыцці трэцяга працоўнага семестра. Дзесяць хлопцаў з самай раніцы прыступілі да разбору дахаў веранд, што знаходзяцца на тэрыторыі дзіцячага сада № 1. -- Паколькі дахі знаходзіліся ў аварыйным стане, мы забаранялі дзеткам заходзіць у веранды. У любы час магла здарыцца трагедыя, -- расказвае загадчыца дзіцячага сада № 1 Валянціна Цішкевіч. –- У той жа час малышам вельмі хочацца забегчы туды ў летнюю пару, каб схавацца ад спёкі. Даўно наспела неабходнасць замяніць дах на верандах. Вельмі прыемна, што актывісты раённай арганізацыі ГА “БРСМ” прыступілі да гэтай важнай работы. Хлопцы адказна ставяцца да сваіх абавязкаў, справа кіпіць у іх руках.

Аднымі з першых прыступілі да работы Андрэй Крыцкі і Аляксей Кажамякін. Андрэй прыехаў вучыцца ў дзяржпрафліцэй з вёскі Дварэц Чашніцкага раёна. Аляксей родам з вёскі Ваўчо Ушацкага раёна, вучыцца на першым курсе, набывае веды па спецыяльнасці “Вытворчасць будаўніча-мантажных і рамонтных работ”.

-- Калі нам прапанавалі працаваць у будатрадзе, адразу пагадзіліся, -- адзначае Андрэй. –- Лічу, што будатрадаўскі вопыт вельмі карысны для нас, паколькі дазваляе праявіць сваё ўменне, майстэрства і атрымаць заробак. Работа для нас звыклая, думаю, што хутка з ёй управімся, -- адзначаюць хлопцы.

Выдатна спраўляюцца са сваёй работай таксама Аляксей Ляшук і Іван Міхееў. Аляксей другі год вучыцца па спецыяльнасцях “Слесар-трактарыст-вадзіцель”, а Іван Міхееў набывае веды па спецыяльнасці “Тэхнічнае забеспячэнне сельскагаспадарчых работ, вадзіцель катэгорыі “С”.

-- У складзе будатрада працуем першы год, -- кажа Аляксей. -- Вельмі задаволены тым, што ёсць магчымасць з карысцю правесці час.

Як адзначыў першы сакратар раённага камітэта РК ГА “БРСМ” Юрый Мілы, у бліжэйшы час будуць сфарміраваны будаўнічыя атрады для работы на прамысловых прадпрыемствах. Фарміруецца лінейны будаўнічы атрад для работы ў Ямала-Нянецкай аўтаномнай акрузе Расійскай Федэрацыі. Прыемна адзначыць, што многія вучні школ, навучэнцы аграрна-тэхнічнага каледжа, прафесійнага ліцэя працуюць у складзе будатрадаў ужо не першы год. Упэўнена, што кожны з іх, атрымаўшы пэўную спецыяльнасць, зможа выдатна спраўляцца са сваімі прафесійнымі абавязкамі і ўвойдзе ў склад перадавікоў вытворчасці.