Яндекс.Метрика

Будні новага пакалення

Вось ужо некалькі год запар на базе ўстановы адукацыі “Дзяржаўны цэнтр дзіцячай творчасці г.Лепель” працуе лагер дзённага знаходжання “Пакаленне NEXT”. Назва была абрана не выпадкова. Дзеці ХХI стагоддзя адрозніваюцца інтарэсамі, тэмпераментам, гульнямі, манерамі зносін і г.д. Таму і назва -- пакаленне “NEXT” -- новае пакаленне. У гэтым годзе лагер наведала 37 выхаванцаў. Усе яны з’яўляюцца гурткоўцамі цэнтра дзіцячай творчасці. Гэта было асноўным крытэрыем адбору, а жадаючых было шмат. Выхавальнікі маюць значны прафесійны вопыт, актыўныя, лёгкія на пад’ём.

Арганізоўвала работу ў лагеры старшая выхавальніца, культарганізатар Алена Макаранка. Яна склала такі план, што пазайздросціь кожны! Выхаванцы ніводнай хвіліны не лайдачылі. І ў гульнях удзельнічалі, і рыхтаваліся да конкурсаў. Усе мерапрыемствы былі накіраваны на захаванне, умацаванне фізічнага і псіхічнага здароўя, інтэлектуальнае і асабістае развіццё выхаванцаў.

Кожны дзень меў сваю абгрунтаваную назву: Дзень турыста, Дзень лепшых, Дзень рэкордаў, Дзень Майдадыра, Дзень беларускай культуры. І кожны з 18 дзён быў прысвечаны адпаведнай тэме. Выхаванцы лагера з задавальненнем прымалі ўдзел у разнастайных гульнях, конкурсах.

А дзясятага чэрвеня, у Дзень беларускай культуры, выхаванцы лагера на шыкоўным аўтобусе ААТ “Аўтатранспартнае прадпрыемства № 14 г.Лепель” наведалі горад Полацк. Анатоль Лініч, вадзіцель аўтобуса, цярпліва чакаў, пакуль дзеці наведаюць мемарыяльны комплекс абароннай лініі Гомель, які размешчаны на трасе “Лепель – Полацк”. А потым разам з выхаванцамі прайшоўся па тэрыторыі Спаса-Еўфрасіньеўскага манастыра. Не першы раз вадзіцель удзельнічае ў вандроўках цэнтра дзіцячай творчасці. У лютым выхаванцы ЦДТ былі ўдзельнікамі конкурсу “Добры дзень, свет!” у г.Наваполацк, а вадзіцелем аўтобуса быў усё той жа Анатоль Лініч. У Дзень рэкордаў праводзіліся разнастайныя конкурсы, дзе патрэбна было праявіць свае сілу, трапнасць і спрыт. Так, самым трапным у стральбе з малакалібернай вінтоўкі аказаўся Ілья Лях. У шашках і шахматах немагчыма было пераадолець Марка Радзько. Лепшым тэнісістам аказаўся Арцём Рагавенка. Больш за ўсіх скокаў праз скакалку зрабіла Анастасія Лагойская. Былі і іншыя пераможцы ў асабістых конкурсах. Усіх іх чакалі розныя прызы. У конкурсе былі заяўлены жартоўныя намінацыі -- “Пушынка” і “Пупс”. Пераможцам у іх быў толькі адзін Вадзім Шамаль -- самы маленькі і самы лёгкі. Лепшым падарункам для яго было шмат цукерак.

Надоўга запомніліся выхаванцам паход у Заазерскае лясніцтва і турысцкая паласа перашкод, якую дапамог арганізаваць Аляксей Валер’евіч Масіевіч. А якая смачная каша, прыгатаваная на кастры, чакала дзяцей пасля выпрабаванняў! А якая духмяная гарбата на свежым паветры! А паходныя песні пад гітару –- самыя зычныя.

Весела было назіраць не толькі за дзецьмі, а і за выхавальнікамі, якія не супраць былі праявіць сябе ў розных дзіцячых гульнях, паскакаць на скакалцы або пастраляць з вінтоўкі.

Цікава было выхаванцам лагера. Атрады спаборнічалі паміж сабой за званне самага ўзорнага. Аб гэтым сведчыў экран спаборніцтваў “Вясёлка поспехаў”, які запаўняўся штодзённа. Кожную раніцу зоркі пераможцам вывешвала Алена Макаранка.

Акрамя таго, у лагеры працавала каляровая пошта, у якую апускаліся паштоўкі са скаргамі, пажаданнямі і падзякамі. Скаргаў не было, а вось астатнія паштоўкі былі прыкладна такога зместу: “Усё супер!”, “Так трымаць!”, “Усё клас!”. А вось перад закрыццём лагера прыходзілі паштоўкі, на якіх былі намаляваны слязінкі. Асабіста да мяне, начальніка лагера, прыйшло развітальнае пісьмо, у якім дзеці, няхай і не вельмі складна, у вершах выказвалі словы ўдзячнасці ўсім выхавальнікам.

Яркім завяршэннем лагернай змены стаў канцэрт, падрыхтаваны выхаванцамі. Фінальным акордам прагучаў гімн лагера. Яго ў гэтым годзе склала Алена Дабрыднева з выхаванцамі цэнтра. Па добрай традыцыі на канцэрце прысутнічалі бацькі.