Яндекс.Метрика

Два лёсы -– адна дарога

Две сестры -- им навек дана от Бога

Надвоих одна судьба, одна дорога.

Две сестры -- в целом мире нет красивей,

Две сестры – Беларусь и Россия”.

Гэтыя цудоўныя радкі з папулярнай песні ўспамінаюцца кожны раз, калі на Лепельшчыну прыязджаюць нашы расійскія суседзі. Жыхароў Беларусі і Расіі -- дзвюх самастойных дзяржаў -- аб’ядноўваюць адна слаўная гісторыя, агульныя звычаі і традыцыі. Разам, пераадольваючы ўсе цяжкасці і перашкоды, мы робім упэўненыя крокі ў будучыню. Паміж лепяльчанамі і жыхарамі Мелякескага раёна Ульянаўскай вобласці ўжо не першы год вядзецца цеснае супрацоўніцтва. Лепельшчына ўжо неаднаразова прымала паважаных гасцей -- удзельнікаў расійскай дэлегацыі, жыхароў Мелякескага раёна Ульянаўскай вобласці. Прадстаўнікі мясцовай улады абменьваюцца вопытам работы. Нашы расійскія госці неаднаразова наведвалі Лепельскі ваенны санаторый, рэспубліканскі рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр “Жамчужына”, пазнаёміліся з арганізацыяй лячэбнага працэсу ва ўстановах аховы здароўя. Лепельскія артысты захапілі нашых расійскіх суседзяў яркімі канцэртнымі выступленнямі. Прыязджалі з гастролямі да нас і ўдзельнікі самадзейных калектываў з Расіі.

Важнай падзеяй для нашага раёна стаў прыезд Дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы Паўла Барадзіна. Адным з асноўных накірункаў дзейнасці Паўла Паўлавіча з’яўляецца ўсебаковая падтрымка, дапамога прыёмным і шматдзетным сем’ям. Дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы з 1975 года займаецца праблемамі сацыяльнага сіроцтва. У цяперашні час пад яго апекай знаходзіцца 25 дзіцячых дамоў у Расіі і пяць -- у Беларусі. Для дзетак, якія засталіся без апекі бацькоў, набываюцца аўтобусы, камп’ютары, абсталяванне, штогод аказваецца фінансавая дапамога. Лёс дзяцей-сірот праследжваецца нават тады, калі яны сталі дарослымі. Дзецям аказваецца дапамога ў набыцці прафесіі, работы і жылля.

Dim lights

Урачыстая сустрэча Дзяржаўнага сакратара саюзнай дзяржавы і прадстаўніка расійскай дэлегацыі адбылася ў дзіцячым рэспубліканскім рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры “Жамчужына”. Першым расійскіх гасцей прывітаў старшыня райвыканкама Пётр Шыкшнян. Удзельнікі вакальнай групы “Аколіца” Бароўскага цэнтра культуры і вольнага часу выканалі ў гонар гасцей беларускую народную песню. Па добрай традыцыі ім былі ўручаны хлеб-соль. Дырэктару аздараўленчага цэнтра “Жамчужына” Веры Закрэўскай былі падораны прыгожыя кветкі. Павел Барадзін уручыў шчодрыя падарункі і дзіцячаму рэабілітацыйна-аздараўленчаму цэнтру “Жамчужына” -- 15 мільёнаў рублёў, а таксама кнігі “10 год Саюзнай дзяржаве” і “Адраджэнне Крамля”. Вера Іванаўна Закрэўская з вялікай удзячнасцю прыняла падарунак і адзначыла, што за падораныя грошы будуць набыты кнігі для бібліятэкі цэнтра.

Павел Барадзін, усе прадстаўнікі расійскай дэлегацыі былі запрошаны ў канферэнц-залу. Хлопчыкі і дзяўчынкі, якія праходзяць аздараўленне ў “Жамчужыне”, атрымалі магчымасць пагутарыць з паважаным госцем і задаць яму хвалюючыя пытанні. Так, адзін з хлопцаў, які ў будучым годзе заканчвае Жлобінскую сярэднюю школу і збіраецца паступаць у навучальную ўстанову Расіі, пацікавіўся, ці будуць улічвацца пры паступленні вынікі тэсціравання, пройдзенага ў Беларусі.

-- Вядома, -- адзначыў Павел Паўлавіч. –- Мы многае зрабілі для таго, каб дабіцца роўных правоў для беларусаў і расіян не толькі ў навучанні, а і ў падаткаабкладанні, іншых пытаннях. У Саюзнай дзяржаве ўсе маюць аднолькавыя правы!

Павел Паўлавіч расказаў юным суразмоўцам аб сваім дзяцінстве, далейшым жыццёвым шляху, рабоце па аказанні дапамогі прыёмным і шматдзетным сем’ям. Большую частку сваёй заработнай платы Павел Паўлавіч затрачвае на дабрачыннасць. Як адзначыў старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Аляксандр Ацясаў, за апошнія 11 гадоў Павел Паўлавіч пабываў у кожным дзіцячым доме Віцебскай вобласці. І ўсюды ёсць яго падарункі. У мінулым годзе Павел Барадзін наведаў дзетак-сірот у Сянно і Лётцах, а сёлета дзіцячым установам будуць уручаны аўтобусы і па 15 тысяч долараў на абсталяванне.

Прыемны сюрпрыз для Паўла Барадзіна быў падрыхтаваны і ад аздараўленчага цэнтра “Жамчужына”. Пад шчырыя апладысменты прысутных на памяць аб лепельскай зямлі дзеткі ўручылі дзяржсакратару драўляную скульптуру мядзведзя.

Пасля гэтага прадстаўнікі расійскай дэлегацыі атрымалі магчымасць пазнаёміцца з арганізацыяй лячэбнага працэсу ў “Жамчужыне”. Госці наведалі кабінеты, дзе праводзяцца разнастайныя працэдуры, пабывалі ў стаматалагічным кабінеце, салянай пячоры, ля басейна і прыйшлі да высновы, што лячэнне дзяцей арганізавана на высокім узроўні.

Наступным пунктам наведвання Паўла Барадзіна, прадстаўнікоў расійскай дэлегацыі сталі дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, размешчаныя ў Лепелі па вуліцы Чуйкова. З лютага гэтага года ў новых дамах, пабудаваных па рэспубліканскай праграме “Дзеці Беларусі”, жывуць дзве прыёмныя сям’і -- Уладзіміра і Наталлі Міхайлавых, а таксама Людмілы Шнітко. У кожнай з іх выхоўваецца сямёра дзяцей. Так распарадзіўся лёс, што ў свой час дзеткі засталіся без увагі таты і мамы. Прыёмныя бацькі сталі для іх самымі дарагімі і блізкімі людзьмі.

Дзеткі разам са сваімі бацькамі сустрэлі гасцей хлебам-соллю. Хлопчыкі і дзяўчынкі прывіталі расійскую дэлегацыю цёплымі вершамі. Павел Барадзін падрыхтаваў шчодрыя падарункі прыёмным сем’ям. Кожнай сям’і падораны сучасны камп’тар і 15 мільёнаў рублёў.

Расійскія госці пабывалі ва ўтульных дамах, пазнаёміліся з умовамі пражывання дзетак у прыёмных сем’ях. Хлопчыкі і дзяўчынкі ў вершаванай форме расказалі пра сваіх бацькоў, брацікаў і сястрычак, аб сваіх захапленнях. У кожным доме для паважаных гасцей быў накрыты стол.

-- Гэта ўзор сапраўднай сям’і, дзе дзеці адчуваюць з боку бацькоў клопат, увагу і цёплую падтрымку, -- адзначыў Павел Барадзін пасля наведвання дамоў сямейнага тыпу. –- Мы ж у сваю чаргу павінны зрабіць усё магчымае для таго, каб гэтыя хлопчыкі і дзяўчынкі ні ў чым не адчувалі патрэбу, мелі добрыя ўмовы для навучання, развіцця сваіх здольнасцей і знайшлі правільную дарогу ў жыцці. Упэўнены, што гэтыя дзеткі стануць для бацькоў па жыцці надзейнай апорай і падтрымкай. Яны -- наша светлая будучыня.