Яндекс.Метрика

Дзіця ў няўдалай сям’і

Вы ніколі не задумваліся над тым, што за намі, бацькамі, пастаянна сочаць вочы дзіцяці? Дзеці не проста жывуць сярод нас -- яны становяцца дарослымі, набіраюцца ад нас вопыту, набываюць веды. Не трэба думаць, што маленькае дзіця яшчэ нічога не разумее. Мамы і таты павінны быць вельмі ўважлівыя і не забываць: дзіця ўсё падмеціць, запомніць і паўторыць вашы ўчынкі. У дарослым жыцці вельмі многае нашы дзеці будуць рабіць так, як і мы: адзначаць сямейныя святы, спрачацца і дараваць адзін аднаму, таму што будуць лічыць менавіта гэта правільным, пэўным і ідэальным. Аднак, не жадаючы таго, падсвядома дзеці могуць паўтарыць і нашы памылкі.

Неспрыяльнае становішча ў сям’і і жыццёвыя ўмовы, а таксама памылкі сямейнага выхавання прыводзяць да няправільнага фарміравання асобы дзіцяці, якое выражаецца парушэннямі ў паводзінах. Спачатку гэтыя парушэнні не ярка вызначаны і не непакояць бацькоў. Дарослыя лічаць, што дзіця яшчэ малое і нічога не разумее, а падрасце -- навучыцца і выправіцца. Пры такіх адносінах да выхавання бяскрыўдныя недахопы паўтараюцца шматразова і пры сталенні дзіцяці перарастаюць у звычкі, якія даюць адхіленні ў паводзінах. Змяненні, якія адбываюцца з дзіцяці, бацькі заўважаюць, калі сын або дачка становяцца непадатлівымі, непаслухмянымі не толькі ў сям’і, а і за яе межамі .Устаноўлена, што кожны трэці правапарушальнік выхоўваўся ў няўдалай сям’і, дзе ён пастаянна сутыкаўся з адмоўнымі паводзінамі бацькоў. Якую ж сям’ю мы адносім да катэгорыі няўдалых? У першую чаргу, сюды адносяцца сем’і, якія вядуць асацыяльны лад жыцця -- займаюцца п’янствам, алкагалізмам, прастытуцыяй, учыняюць крадзяжы і г.д. Да гэтай жа катэгорыі адносяцца сем’і, у якіх парушаны дзіцяча-бацькоўскія адносіны, гэта значыць, маюць месца канфлікты, насілле, адчужэнне, абыякавасць, безнагляднасць і г.д. Да катэгорыі няўдалых адносяцца таксама сем’і з вельмі нізкім матэрыяльным дастаткам.

Якімі б фактарамі ні было абумоўлена няўдаласць сям’і, яна негатыўна адбіваецца на дзіцяці.

Няўдалая сям’я амаль пастаянна знаходзіцца ў стане ўнутранага разладу, супярэчнасці вельмі лёгка пераходзяць у шматлікія канфлікты. Сваркі імгненна ўспыхваюць з-за кожнай дробязі. Дзеці ў такіх сем’ях вырастаюць слабавольнымі, неарганізаванымі, іх цягне да прымітыўных забаў. Праступкі яны ўчыняюць часцей за ўсё па прычыне бяздумных адносін да жыцця, адсутнасці цвёрдых прынцыпаў і несфарміраванасці валявых якасцей.

У няўдалай сям’і ў дзяцей не рэалізуецца самая важная патрэба -- псіхалагічная патрэба ва ўвазе і любові з боку бацькоў. Таму дзеці імкнуцца да зносін з равеснікамі па-за сям’ёй, трапляючы ў групу падлеткаў з такіх жа няўдалых сем’яў. Тут на іх ніхто не лаіцца, а, наадварот, падлеткаў падбадзёрваюць і падтрымліваюць. Такім групам уласцівыя нашмат большыя адмоўныя адносіны да маральных і прававых норм грамадства, чым кожнаму з яе членаў паасобку. Члены такіх груп п’янствуюць, брыдкасловяць, ужываюць наркотыкі, учыняюць правапарушэнні. Як правіла, такія дзеці ў будучым або не ствараюць сем’і, або ствараюць, але такія ж няўдалыя, у якіх раслі яны самі, паколькі стэрэатып сямейнага жыцця закладзены ў іх ужо з дзяцінства.

На вялікі жаль, у нашым раёне ёсць сем’і, у якіх дзеці не адчуваюць з боку бацькоў належнай падтрымкі і ўвагі. У 67 няўдалых сем’ях выхоўваецца 102 дзіцяці, сярод 29 хлопчыкаў і дзяўчынак дашкольнага ўзросту, 63 школьнікі і дзесяць -- навучэнцы аграрна-тэхнічнага каледжа і ліцэя.

Прырода мудрая. Яна дала дзіцяці вялікую любоў да бацькоў. Кожны нараджаецца з ёй. Аднак каб захаваць яе на ўсё жыццё, трэба гэта заслужыць. І тады вы назаўсёды застанецеся ў вачах ужо дарослых сына або дачкі самымі лепшымі!

Паважаныя бацькі! У сацыяльна-педагагічным цэнтры г.Лепель вы заўсёды можаце атрымаць індывідуальныя псіхолага-педагагічныя кансультацыі, накіраваныя на дапамогу і падтрымку сям’і, кансультацыі спецыялістаў для пашырэння ведаў бацькоў у галіне дзіцячай педагогікі і псіхалогіі.

Сацыяльна-педагагічны цэнтр знаходзіцца па адрасу: вул.Віцебская, 2/8, тэлефон гарачай лініі -- 5-30-31.