Яндекс.Метрика

“ЭКАЛОГІЯ БЕЗ МЕЖАЎ” ЗЛЁТ ЮНЫХ ЭКОЛАГАЎ ПАЗНАЮЧЫ ЭКАЛАГІЧНЫЯ ТАЙНЫ

Камфартабельныя аўтобусы пад’ехалі да гасцінічнага комплексу “Сергуч” ў Домжарыцах і з іх сталі выходзіць удзельнікі злёту юных эколагаў Беларусі і Расіі пад сімвалічнай назвай “Экалогія без межаў”, арганізаванага пад эгідай Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Міністэрства адукацыі і навукі Расійскай фэдэрацыі. 35 найбольш таленавітых школьнікаў з нашай краіны і столькі ж іх равеснікаў з Расійскай фэдэрацыі ступілі на гасцінную зямлю Бярэзінскага запаведніка. На тварах юнакоў і дзяўчат свяціліся радасныя ўсмешкі. Кіраўніку расійскай дэлегацыі, дырэктару Фэдэральнага дзіцячага эколага-біялагічнага цэнтра ў Маскве Алегу Рыбянку былі прыпаднесены хлеб-соль.

-- Прыемна ў чарговы раз наведаць Беларусь, з якой расіян звязваюць тысячы непарыўных сувязяў, у тым ліку і роднасных , -- адзначыў ён. – Вось і мая жонка, напрыклад, адсюль, з гэтых маляўнічых прыродных мясцін, яна нарадзілася і вырасла ў Старых Дарогах, што на Міншчыне. Ветліва віталі гасцей намеснік старшыні райвыканкамі Мікалай Нікіцін, начальнік раённага аддзела адукацыі Валерый Быкаў, дырэктар Бярэзінскага запаведніка Віктар Анікеенка, іншыя адказныя службовыя асобы.

-- Мы прыехалі ў Мінск раніцай, зрабілі пазнавальную экскурсію па гэтаму прыгожаму еўрапейскаму гораду, у якім сучасная забудова гарманічна дапасуецца са старадаўняй архітэктурай Траецкага прадмесця, што, безумоўна, адпавядае статусу сталіцы Беларусі, а ў пасляабедзенны час ужо дабраліся сюды, у Домжарыцы, -- сказаў школьнік Уладзімір Сахараў з Ульянаўскай вобласці. – Мне спадабаліся навакольныя беларускія краявіды, добраўпарадкаваныя населеныя пункты, якія можна было ўбачыць з акна ў час руху на аўтобусе па шашы, а таксама прыязныя, добразычлівыя твары людзей, што тут жывуць.

-- Уразілі паўсюдныя чысціня і парадак, добра дагледжаныя палі, засеяныя збожжам, іншымі культурнымі раслінамі, выдатны стан асфальтавага пакрыцця аўтамагістраляў, шырокія і зручныя мясцовыя дарогі, -- дадаў яго сябар Віктар Масленнікаў, які займаецца на Ульянаўскай станцыі натуралістаў.

Юныя беларускія і расійскія эколагі размясціліся ў гасцініцы ў Домжарыцах, пасля чаго яны сталі ўдзельнічаць у разнастайных цікавых мерапрыемствах у рамках злёту.

-- На працягу шасці дзён праходзіў творчы конкурс, які складаўся з тэарэтычнай часткі на веданне навуковых праблем агульнай экалогіі, аховы прыроды і практычнага выканання самастойных экалагічных даследаванняў, -- паведаміла ўдзельніца злёту Іна Бязручанка з Мінска, вучаніца дзесятага класа сталічнай школы № 19. – Спачатку ў Доме экалагічнай асветы было арганізавана тэсціраванне, пісьмова кожны адказваў на больш чым дваццаць пытанняў. Затым усе мы былі падзелены на групы і накіраваны для работы па секцыях, у палявых лабараторыях. Разам з яшчэ чатырнаццаці рабятамі я займалася пытаннямі геабатанікі. Мне было даручана вывучыць флору на ўчастку лесу плошчай у 200 квадратных метраў. Усебакова аналізавала раслінны свет запаведніка, склала падрабязны пералік усіх раслін, якія растуць на даследаванай мною тэрыторыі. Набыла шмат грунтоўных ведаў, пашырыла свой кругагляд, што павінна мне ў далейшым спатрэбіцца ў вучобе, дарослым жыцці.

-- Якія праводзіліся азнаямленчыя экскурсіі?

-- Перш за ўсё мы наведалі Музей прыроды і вальеры ў Домжарыцах, экалагічную сцежку Бярэзінскага запаведніка. Былі арганізаваны падарожжы па маршруту Глыбокае – Мосар – Браслаў, па жаданню можна было з’ездзіць ў Полацк, Барысаў, пабачыць мемарыяльны комплекс “Хатынь”.

-- Як бавілі свой вольны час?

-- Праводзіліся дыскатэкі, інтэлектуальныя віктарыны і спартыўныя спаборніцтвы. Наогул, ніколі не забудуцца цудоўныя ліпеньскія вечары на ўлонні непаўторнай запаведніцкай прыроды, а таксама цёплыя сяброўскія сустрэчы з расійскімі равеснікамі, знаёмствы з землякамі з усіх рэгіёнаў Беларусі.

-- Ці быў адзначаны нейкім чынам твой удзел у злёце?

-- Я ўзнагароджана дыпломам і заахвочвальным прызам за поспехі ў даследчай дзейнасці па геабатаніцы.

Аўтарытэтнае журы ў складзе вядомых беларускіх і расійскіх вучоных на чале з яго старшынёй, намеснікам дырэктара Бярэзінскага запаведніка па навукова-даследчай рабоце Валерыем Іўковічам выявіла і ўзнагародзіла шэраг найбольш здольных школьнікаў з Беларусі і Расіі, якія прадэманстравалі глыбокія веды па біялогіі і экалогіі, добрыя навыкі ў даследчай рабоце па вывучэнню экалагічнага стану прыроднага асяроддзя.

-- 29 ліпеня ва ўрачыстай абстаноўцы ў Доме экалагічнай асветы ў Домжарыцах лепшыя з лепшых юнакоў і дзяўчат з двух братэрскіх краін былі адзначаны дыпломамі і памятнымі прызамі, -- сказаў Валерый Іўковіч. – Перш за ўсё былі ўзнагароджаны абсалютныя пераможцы, якія вызначыліся як ў тэарэтычнай частцы конкурсу на веданне пытанняў агульнай экалогіі, аховы прыроды, так і самастойным выкананні экалагічных даследаванняў. Дыплом першай ступені заваявала Ганна Даманцэвіч з Гомельскай вобласці, а дыпломы другой і трэцяй ступеняў атрымалі адпаведна Дар’я Нікітчанка і Сяргей Ярашэвіч з Мінска.

Акрамя таго, па выніках практычнай работы палявых лабараторый, індывідуальнага заліку па секцыях былі ўзнагароджаны дыпломамі і памятнымі прызамі ўладальнікі першага, двух другіх і трох трэціх месцаў, а таксама двух заахвочвальных месцаў. Назаву толькі імёны і імя па бацьку пераможцаў, удастоеных за гэта адпаведных дыпломаў і памятных прызоў: па арніталогіі -- Раман Пруднікаў з Магілёўшчыны, энтамалогіі – Арцём Драгалаў з Гродненшчыны, геабатаніцы – Вікторыя Антропава з Рэспублікі Марый Эл Расійскай Фэдэрацыі, гідрабіялогіі – Вадзім Гацура з Брэсцкай вобласці, глебазнаўству – Сяргей Косцін з Кастрамской вобласці Расіі.

У агульнакамандным заліку найбольш удала выступілі беларускія юнакі і дзяўчаты, якім быў уручаны за гэта пераходны Кубак. Уладальнікамі гэтага ганаровага трафея раней былі расійскія школьнікі.

Чарговы злёт юных эколагаў Беларусі і Расіі пройдзе праз два гады. На гэты раз ён адбудзецца на тэрыторыі Расійскай фэдэрацыі.