Яндекс.Метрика

Крокі ў будучыню

Інфармацыйна-прапагандысцкая група пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама Аляксандра Шыдлоўскага наведала працоўны калектыў даччынага камунальнага ўнітарнага будаўнічага прадпрыемства “Лепельская ПМК-75”. Сустрэча ўдзельнікаў групы з калектывам арганізацыі была прысвечана тэме “Ключавыя аспекты паслання Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі беларускаму народу і Нацыянальнаму Сходу Рэспублікі Беларусь”.

Кіраўнік дзяржавы назваў 2010 год знакавым у развіцці беларускай палітычнай сістэмы, які падвёў вынік пад цэлым перыядам у гісторыі краіны і абазначыў новыя перспектывы. “Рубяжом стала прэзідэнцкая кампанія, якая прайшла абсалютна па беларускіх законах”, -- сказаў Аляксандр Лукашэнка. Аднак сёння ва ўмовах новых спроб геапалітычнага перадзелу свету, бязлітаснай барацьбы за энергетычныя і прыродныя рэсурсы Беларусь сутыкаецца з якасна новымі выклікамі сучаснасці.

Звеннямі аднаго ланцуга Кіраўнік дзяржавы назваў палітычныя пагрозы (непрыняцце вынікаў апошняй прэзідэнцкай кампаніі, спісы невыязных, эканамічныя санкцыі), раздуванне ажыятажу, панікі на валютным і спажывецкім рынках, чутак і здагадак у некаторых недзяржаўных сродках масавай інфармацыі ў сувязі з падзеямі на станцыі метро “Кастрычніцкая”.

Аляксандр Аляксандравіч засяродзіў увагу на асноўных накірунках далейшага развіцця дзяржавы, расказаў аб задачах па забеспячэнню дынамічнага, збалансаванага развіцця эканомікі, мадэрнізацыі вытворчасці, нарошчванні экспарту.

Прысутныя даведаліся аб асноўных накірунках сацыяльна-эканамічнага развіцця нашага раёна, будаўніцтве жылля для маладых сем’яў, добраўпарадкаванні горада. Так, Аляксандр Аляксандравіч адзначыў, што ДКУБП “Лепельская ПМК-75” працуе дынамічна, паспяхова выконвае вытворчыя паказчыкі. У бягучым годзе павінна быць завершана будаўніцтва 40-кватэрнага дома па вуліцы М.Горкага, у снежні запланавана ўвесці ў эксплуатацыю 40-кватэрны жылы дом па вул.Інтэрнацыянальная. У чэрвені пачнуцца ўкладка інжынерных сетак і падрыхтоўка да будаўніцтва 40-кватэрнага дома па вуліцы Ялугіна. У цяперашні час праектуецца новы мікрараён па вуліцы Чуйкова. Па праграме на 2012 год тут будуць пабудаваны тры 100-кватэрныя дамы, а праз некаторы час у гэтым жа мікрараёне пачнецца будаўніцтва двух 80-кватэрных дамоў з тэрмінам уводу ў 2013 годзе. Будаўніцтва шматкватэрных жылых дамоў запланавана таксама ў раёне былога шпіталя.

У вёсцы Бароўка хутка будуць здадзены ў эксплуатацыю два 40-кватэрныя дамы, пачынаецца будаўніцтва станцыі абезжалезвання. Завяршаецца будаўніцтва спальнага корпуса КУП ДРАЦ “Жамчужына”, запланавана бурэнне свідравіны мінеральнай вады. У Лепельскім ваенным санаторыі пачнецца будаўніцтва басейна. Акрамя таго, пачата будаўніцтва малочнатаварнай фермы “Цаліна” ў ААТ “Лепельаграсэрвіс”. У вёсцы Стары Лепель запланавана будаўніцтва ФАПа. Праект будаўніцтва распрацаваны міжнародным дабрачынным грамадскім аб’яднаннем “Экадом”. На будаўнічыя работы будзе затрачана ад 150 да 200 тысяч еўра. Адначасова ў вёсцы будуць пабудаваны яшчэ два дамы, адзін з якіх –- для медыцынскага персаналу.

Актыўна ўмацоўваецца інжынерна-транспартная інфраструктура ў мікрараёнах “Садовы” і “Пясчанка”, дзе запланавана пракладка ліўневай каналізацыі, сетак водазабеспячэння і добраўпарадкавання. Такія ж работы будуць праведзены і па вуліцы Савецкая. Да святкавання Дня горада плануецца завяршыць работы па добраўпарадкванню дваровых тэрыторый, укладцы бардзюраў і асфальтавага пакрыцця. Плануецца пабудаваць пешаходную дарожку, стаянку для аўтатранспарта па вуліцы Школьная, насупраць гімназіі імя І.Ерашова. Плануюцца будаўніцтва пешаходнай дарожкі па вуліцы Барысаўскі тракт –- ад вуліцы Савецкая да вул.Чапаева, добраўпарадкаванне вуліцы Барысаўскі тракт прадоўжыцца.

На плошчы Свабоды да Дня горада будзе ўстаноўлена скульптурная кампазіцыя “Пятачок”. На будынку раённага вузла паштовай сувязі плануецца размясціць гадзіннік з боем, які будзе забяспечаны святлом і дыстанцыйным упраўленнем.

На плошчы Свабоды, ля ўстаноў культуры, месцаў масавага адпачынку плануецца ўзмацніць відэаназіранне. Як паказвае практыка, сродкі відэаназірання ў значнай ступені садзейнічаюць раскрыццю правпарушэнняў.

Пасля таго, як усе астатнія ўдзельнікі групы расказалі аб дзейнасці сваіх служб, прысутныя атрымалі магчымасць звярнуцца да іх з хвалюючымі пытаннямі. У прыватнасці, было выказана меркаванне аб неабходнасці закрыцця ўстаноў масавага адпачынку ў начны час.

Аляксандр Аляксандравіч Шыдлоўскі адзначыў, што ў такім выпадку можа ўзначна ўзрасці ўзровень правапарушэнняў сярод моладзі. Маладым людзям вельмі важна мець культурны адпачынак. На жаль, на сённяшні дзень дзяржаўныя і прыватныя кафэ –- гэта адзіныя месцы, дзе моладзь можа адпачыць у позні час.