Яндекс.Метрика

«Крок у навуку»

У Слабадской сярэдняй школе-садзе прайшла навуковая канферэнцыя «Крок у навуку». Удзельнікі інавацыйнай пляцоўкі выбралі прадмет або асоб даследавання, звязаныя са Слабадской зямлёй. У канферэнцыі прынялі ўдзел вучні чацвёртага, сёмага, дзясятага і адзінаццатага класаў. Чацвёртакласнікі пад кіраўніцтвам свайго класнага кіраўніка Галіны Максімаўны Грыдзюшкі прадставілі доследную работу “Зімуючыя птушкі Слабадскога сельсавета”, у якой кожны вучань падаў свой назіральны матэрыял. Старшакласнікі расказалі прысутным пра тых людзей, якія сваёй працай або творчасцю праславілі Слабадскую зямлю. Так, вучні дзясятага класа распавялі пра жыццёвы і творчы шлях мясцовага жыхара, былога настаўніка і дырэктара школы, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны і паэта Пятра Фёдаравіча Палонскага. Усе з цікавасцю праслухалі вершы з франтавога дзённіка паэта.

Не менш цікавай была работа вучняў адзінаццатага класа пад кіраўніцтвам настаўніцы гісторыі Маргарыты Васільеўны Анікей, якія пазнаёмілі з творчасцю паэта Генадзя Мірановіча.

Сямікласнікі (класны кіраўнік Іраіда Канстанцінаўна Гацура) ў сваёй рабоце расказалі аб сучасных паэтах Слабады. Што цікава, гэта сённяшнія настаўнікі і вучні школы.

Вучні сёмага класа, якія займаюцца на факультатыве па біялогіі з настаўніцай біялогіі Галінай Фёдараўнай Маркоўскай, падрыхтавалі работу “Заказнік Клецішча”. Юныя даследчыкі расказалі аб тых раслінах і жывёлах, якія знаходзяцца на тэрыторыі Слабады.

У час канферэнцыі гучалі вершы мясцовых паэтаў, зачытваліся архіўныя даведкі і дэманстраваліся прэзентацыі, якія падрыхтавалі юныя даследчыкі, выкарыстаўшы мультымедыйную ўстаноўку.