Яндекс.Метрика

Міласэрнасць -- дзеяннем

Шчодрыя промні сонца клапатліва асвятляюць пяшчотныя, пакрытыя свежай зелянінай галінкі дрэў, радуюць вока яркія россыпы кветак, свежае паветра дорыць зарад бадзёрасці –- усё навокал дыхае вясновай свежасцю і чысцінёй… Менавіта ў гэту цудоўную пару па традыцыі ў нашым раёне праводзіцца дзіцячая Велікодная дабрачынная акцыя “Насустрач дзіцячым сэрцам”. Кожны год удзельнікі акцыі радуюць сваёй творчасцю і рыхтуюць шмат падарункаў для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі.

Сёлета дабрачынная акцыя праходзіла ў раённым Доме культуры. Нікога з гасцей не пакінула раўнадушным цудоўная выстава, якая была арганізавана ў фае РДК. Немагчыма было прайсці міма аплікацый, выцінанак, вырабаў з бісеру і іншых самаробак. Свае работы выставілі на суд гледачоў юныя выхаванцы Нядзельных школ храмаў Прэабражэння Гасподня, Прападобнага Іосіфа Волацкага Цудатворцы і храма Святых бяссрэбранікаў Касмы і Даміяна. Тут жа прадставілі свае творы вучняў СШ № 1 і СШ № 3.

…Са сцэны ліюцца хвалюючыя акорды песні ў выкананні хору Заслонаўскай школы мастацтваў –- першыя гукі святочнага канцэрта. Шчырымі вершаванымі радкамі сустрэла гледачоў вядучая канцэрта Таццяна Бондал. З цёплымі словамі прывітання Таццяна Мікалаеўна звярнулася да арганізатараў акцыі –- прыходу храма іконы Божай маці Уладзімірская, аддзелаў ідэалагічнай работы, адукацыі, культуры райвыканкама, а таксама раённай грамадскай арганізацыі “Белая Русь”. Найлепшыя словы віншаванняў выказаў гледачам начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Ігар Урбан. Шчырыя пажаданні ад імя навучэнцаў і выкладчыкаў Лепельскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя выказала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце ўстановы Аліна Андрыеўская.

У акцыі прынялі актыўны ўдзел настаўнікі і вучні гімназіі імя І.Ерашова, гарадскіх сярэдніх школ, а таксама Заслонаўскай, Бароўскай, Слабадской, Горскай СШ, Лепельскай і Заслонаўскай дзіцячых школ мастацтваў, навучэнцы і выкладчыкі Лепельскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя. На грошы, сабраныя калектывамі ўстаноў, для юных выхаванцаў Цэнтра каардынацыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі былі набыты каляровы тэлевізар, DVD-прайгравальнік і магнітафон. Актыўна падтрымалі акцыю таксама раённая грамадская рэспубліканскай арганізацыі “Белая Русь”, ААТ “Лепельскі МКК”, хлебазавод, вытворчае ўпраўленне газавай гаспадаркі “Лепельрайгаз”, работнікі КУП ДРАЦ “Жамчужына”, Лепельскага райспажыўтаварыства, абласной псіхіятрычнай і цэнтральнай раённай бальніц, Лепельскага філіяла “ДРБУ № 202”, ДКУБП “Лепельская ПМК № 75”. Значную дапамогу аказалі дырэктар прыватнага прадпрыемства “Владион строй» Уладзімір Кірымаў і індывідуальны прадпрымальнік Леанід Пашкевіч. Значную суму грошай для акцыі выдзелілі таксама ваеннаслужачыя Заслонаўскага гарнізона. Такім чынам былі набыты святочныя падарункі для 76 дзяцей-інвалідаў і падрыхтаваны “салодкі стол” для 250 дзяцей-інвалідаў і 180 ўдзельнікаў святочнага канцэрта.

Пад шчырыя апладысменты прысутных Аліна Іосіфаўна Андрыеўская ўручыла юным выхаванцам Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі каштоўныя падарункі.

Яркае суквецце цудоўных канцэртных выступленняў падарыла гледачам святочны настрой.

Настаяцель храма іконы Божай Маці “Уладзімірская” айцец Уладзімір Дагодзька уручыў падарункі дзецям з абмежаванымі магчымасцямі, а потым юныя артысты, дзеці-інваліды былі запрошаны за “салодкі стол”.

Светлыя дзіцячыя ўсмешкі, іх шчырая радасць сталі выдатнай узнагародай для людзей, якіх аб’яднала адна высакародная справа –- ісці насустрач дзіцячым сэрцам.