Яндекс.Метрика

Мацярынская радасць

Непаўторная летняя пара нясе з сабой пяшчоту ласкавых сонечных промняў, бадзёрыя пералівы водных хваль, паветра, напоенае прыемным пахам кветак, і ўзнёслы настрой. Як прыемна ў вольны ад працы час прайсціся ўздоўж жывапіснага узбярэжжа, атрымаць асалоду ад подыху свежага ветру, бачыць, як шчодрае сонейка лашчыць галінкі дрэў… Гэта цудоўная летняя пара прынесла вялікае шчасце для маладых жанчын, якія адчулі радасць мацярынства. У радзільным аддзяленні ўстановы аховы здароўя “Лепельская цэнтральная раённая бальніца” ў першыя дні чэрвеня сталі матулямі чацвёра жанчын, у кожнай з якіх нарадзілася дачушка.

Павіншавалі жанчын з гэтай шчаслівай падзеяй начальнік аддзела ЗАГС Алена Бельская і начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Андрэй Пшонка.

-- Вядома, што нараджэнне дзіцяці з’яўляецца самым вялікім і неацэнным скарбам для бацькоў, -- адзнчае Андрэй Мікалаевіч. –- Ні з чым немагчыма параўнаць шчырую мацярынскую радасць, калі ўпершыню чуецца звонкі і залівісты смех малыша, калі ён вымаўляе першыя словы і робіць першыя крокі. Ад аддзела ЗАГС, аддзела па справах моладзі райвыканкама жанчынам былі ўручаны прыгожыя букеты кветак, прадастаўленыя прадпрымальнікам Таісіяй Ханковай, пасведчанні аб нараджэнні дзіцяці, памятныя медальоны. Паколькі кожная з жанчын дакладна вызначыла, як назаве малышку, ім былі падораны памяткі, дзе расказвалася, што азначае адпаведнае імя.

 

Немагчыма перадаць словамі радасць маладой матулі Кацярыны Быкавай, калі раптам у радзільным аддзяленні яна ўбачыла свайго мужа.

-- Вялікі дзякуй табе, дарагая, за дачушку! Я вас вельмі люблю, -- шчыра прызнаецца муж і дорыць каханай шыкоўны букет руж.

Кацярына і Аляксандр Быкавы стварылі сям’ю ў мінулым годзе. Кацярына –- медсястра, раней працавала ў Мінскім гарадскім эндакрыналагічным дыспансеры, Аляксандр –- будаўнік, зараз працуе ў сельскагаспадарчым вытворчым філіяле “Заазер’е” ААТ “Лепельскі МКК”.

-- Нараджэнне дачушкі –- значная падзея для нашай сям’і, -- кажа Аляксандр. –- Хачу, каб малышка расла здаровенькай, такой жа прыгожай, як яе матуля.

З асаблівай радасцю сустрэла нараджэнне дачкі і Тамара Аляксеева. Жанчына нарадзілася і вырасла ў г.Яраслаўль (Расія). На Лепельшчыну яе прывёз муж. Дзмітрый па спецыяльнасці –- вадзіцель, а Тамара –- ўрач-ветэрынар.

-- Вельмі прыемна адчуваць, што побач з табой б’ецца роднае сэрцайка, -- дзеліцца маладая матуля. –- Хоць малышка яшчэ нічога не разумее, але яна адчувае цеплыню рук, пазнае маё дыханне і голас.

Упершыню стала мамай Аліна Буйніцкая. Маладая маці заканчвае Лепельскі дзяржаўны прафесійны ліцэй па спецыяльнасці цырульнік, тут жа вучыцца і яе муж Іван.

-- Напэўна, самае важнае для бацькоў –- бачыць шчаслівыя твары дзяцей. Мы зробім усё магчымае для таго, каб наша дачушка была радаснай і шчаслівай.

Першая дачушка нарадзілася і ў Юліі Емяльянавай. Жанчына родам з вёскі Слабада, выйшла замуж і прыехала жыць у Лепель. Зараз маладая сям’я жыве разам з бацькамі мужа. Галава сям’і працуе вадзіцелем у філіяле РУВП “Віцебскхлебпрам” СВК “Пражэктар”. У гэтай жа гаспадарцы да выхаду ў дэкрэтны адпачынак працавала дыспетчарам і Юлія.

-- Пастараемся перадаць нашай малышцы найлепшыя якасці, -- кажа маладая маці. –- Вельмі хочацца, каб дачушка расла сумленнай, працавітай і добразычлівай, каб ва ўсіх справах ёй спадарожнічаў поспех. Дачушка нарадзілася вагой тры кілаграмы 595 грамаў і ростам 55 сантыметраў. Мы вырашылі назваць яе Палінай.

У час размовы з маладымі матулямі сэрца напоўнілася невыказнай радасцю. Як прыемна бачыць мілыя твары жанчын, якія далі пачатак новаму жыццю! Няхай ніколі не згасае ў іх вачах жывы агеньчык шчырай радасці і пяшчоты! Няхай у гэтых шчаслівых сем’ях заўсёды гучыць звонкі дзіцячы смех!