Яндекс.Метрика

Мудрасць кніжных таямніц

Кожны раз, сустракаючы гэту мілую жанчыну, я адчуваю цеплыню, якая зыходзіць ад яе шчырага сэрца. Валянціна Іванаўна Ягорава тонка адчувае ўнутраны свет чалавека, мае шырокі кругагляд, творча падыходзіць да кожнай справы і захапляе акружаючых душэўнай чысцінёй. Быццам цёплае вясновае сонейка, Валянціна Іванаўна прыцягвае да сябе людзей, ахвотна працуе з дзецьмі і ажыццяўляе новыя ідэі. Вось ужо 18 год жанчына працуе бібліятэкарам сярэдняй школы № 4. …Жаданне працаваць у школе з дзецьмі нарадзілася ў Валянціны ўжо ў школьныя гады. Дзяўчынка выдатна вучылася ў школе, з задавальненнем чытала гістарычную, мастацкую літаратуру. Колішнія настаўнікі Валянціны, якія ў свой час сталі для яе ўзорам адказнасці, працавітасці і любові да сваёй справы, па жыцці з’яўляюцца яе добрымі сябрамі. Валянціна Іванаўна з задавальненнем наведвае ветэранаў працы Анатоля Сямёнавіча Ханяка, Алену Пятроўну Чэкліну, па просьбе настаўнікаў чытае іх любімыя творы, у тым ліку мемуары Жукава. Часта сустракаецца з былой настаўніцай фізкультуры Нідзі Пятроўнай Міхайлавай, якая ў свой час убачыла ў Валянціне здольную гандбалістку, наведвае любімую настаўніцу гісторыі Еўдакію Аляксандраўну Рыўкіну. Не так даўно яна падарыла Валянціне Іванаўне серыю з дзесяці кніг “Палымяныя рэвалюцыянеры”.

-- Мае школьныя гады засталіся ў самых цёплых і дарагіх успамінах, -- адзначае Валянціна Іванаўна. –- Настаўнікі не толькі давалі нам веды, а і выхоўвалі ў нас дысцыплінаванасць, пачуццё патрыятызму, імкненне да самаўдасканалення.

Скончыўшы дзесяць класаў сярэдняй школы № 2 з сярэбраным медалём, дзяўчына падала дакументы на хіміка-біялагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Леніна. Першая спроба паступлення аказалася няўдалай. Валянціна вырашыла паспрабаваць свае сілы ў наступным годзе і ўладкавалася на працу бібліятэкарам у родную школу. Валянціна ўводзіла вучняў у кніжны свет, арганізуючы для іх змястоўныя экскурсіі, тэматычныя сустрэчы. Вучыла дзяцей любіць кнігі і сама кожны раз адкрывала для сябе штосьці новае, цікавае.

Дзяўчына паспяхова здала ўступныя экзамены і стала студэнткай хіміка-біялагічнага факультэта БДУ. Вядома, што натуральныя навукі патрабуюць асаблівай дакладнасці –- формулы, ўраўненні, разлікі… Рамантычная натура, Валянціна з задавальненнем займалася біялогіяй. І зараз жанчына ўспамінае, як на другім курсе ўніверсітэта, у час праходжання практыкі ў пасёлку Шчамысліца Вілейскага раёна Мінскай вобласці яны разам з аднакурснікамі слухалі спевы салаўёў, як на трэцім курсе ў час практычных заняткаў ля возера Нарач рыхтавалі гербарыі матылькоў, жукоў.

У студэнцкія гады Валянціна стварыла сваю сям’ю. Свайго будучага мужа сустрэла, калі пасля заканчэння школы паехала адпачываць у Еўпаторыю (Крым). Сяргей Ягораў прыехаў адпачываць з Масквы, адразу звярнуў увагу на мілую лепяльчанку. Маладыя людзі пасябравалі. Праз некаторы час Сяргей прыехаў разам са сваім сябрам у госці да Валянціны, на жывапісную Лепельшчыну. Тут хлопец і зрабіў сваёй каханай прапанову рукі і сэрца. Крыху пазней у маладой сям’і нарадзіўся сынок. Калі Валянціна атрымала дыплом аб вышэйшай адукацыі, Сашу споўнілася тры гады. Спачатку маладая сям’я жыла ў Маскве, а потым Валянціна і Сяргей прыехалі на Лепельшчыну. Так, у 1993 годзе Валянціна Іванаўна стала бібліятэкарам сярэдняй школы № 4.

-- Вельмі люблю сваю работу, ад душы радуюся поспехам сённяшніх вучняў, ганаруся яе шматлікімі выпускнікамі, якія знайшлі сваю дарогу ў жыцці, -- кажа Валянціна Іванаўна.

Бібліятэкар адкрывае альбом з фотаздымкамі колішніх выпускнікоў. Многія звязалі сваё жыццё з педагогікай, сталі здольнымі спецыялістамі ў разнастайных сферах. Так, Ірына Кручыніна набыла спецыяльнасці настаўніцы беларускай мовы і літаратуры, правазнаўцы ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.Машэрава і зараз працуе ў сацыяльна-педагагічным цэнтры г.Лепель. Настаўніцай англійскай мовы працуе ў Мінску Вольга Хацкевіч. Дзмітрый Булойчык звязаў жыццё з тэлежурналістыкай, працуе рэдактарам на Віцебскім абласным тэлебачанні. Не забываюць пра родную школу Алёна Шарлай, настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 1, Вольга Рыкунова, педагог-псіхолаг Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Таццяна Базулька набыла спецыяльнасць медсястры, Сяргей Буйніцкі працуе майстрам у КУВП ЖКГ “Лепель”... Выпускнікі з радасцю сустракаюцца з Валянцінай Іванаўнай, расказваюць аб сваіх далейшых планах.

Валянціна Іванаўна як творчая асоба дорыць вучням цікавасць да вучобы, арганізуючы для іх пазнавальныя мерапрыемствы. Надоўга запомніцца другакласнікам “Падарожжа ў свет хатніх  раслін”. Бібліятэкар расказала дзеткам, адкуль да нас прыйшлі расліны, як за імі даглядаць, пазнаёміла вучняў з літаратурай аб разнастайных кветках. Для малышоў былі арганізаваны цікавыя гульні.

У свой час Валянціна Іванаўна пераняла ў Анатоля Сямёнавіча Ханяка майстэрства пераплятаць кнігі і зараз вядзе гурток пераплётнай справы ў школе. Вучні разам з бібліятэкарам самі робяць блакноты, рамантуюць падручнікі. Такім чынам дзеці вучацца беражлівым адносінам да кніг і ніколі не змогуць сапсаваць падручнік. Калі ўзнікае неабходнасць, Валянціна Іванаўна вядзе ўрокі хіміі і біялогіі.

Надзейнай апорай і падтрымкай Валянціны Іванаўны стала яе сям’я. Сын Аляксандр атрымлівае будаўнічую спецыяльнасць у Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, а муж Сяргей Георгіевіч –- афіцэр 19-ай гвардзейскай асобнай механізаванай брыгады, якая размешчана ў Заслонаве.

Любімай рабоце Валянціна Іванаўна прысвячае шмат часу. І ўсё ж, калі з’яўляецца вольная хвілінка, з задавальненнем займаецца вязаннем, вышыўкай, кветкаводствам, любіць гатаваць для сваіх родных смачныя стравы. Да таго ж Валянціна Іванаўна занатоўвае ўспаміны ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, сваіх былых настаўнікаў Анатоля Сямёнавіча Ханяка, Уладзіміра Іванавіча Андрэева і Міхаіла Фёдаравіча Собалева аб далёкіх ваенных падзеях. Вядома ж, наступным пакаленням вельмі цікава будзе даведацца, як праходзілі першыя баі з ворагам, як вялі работу партызаны-падпольшчыкі Вера Маргевіч, Уладзімір Лабанок, Аляксей Данукалаў і Фёдар Дуброўскі, даведацца аб бясстрашных подзвігах Канстанціна Заслонава.

…Гучыць бадзёры званок. Раптам адчыняюцца дзверы -– і ў бібліятэку забягаюць дзеці. Быццам жвавыя птушаняты, трэцякласнікі з усіх бакоў акружылі любімага бібліятэкара, просяць паказаць кнігі аб хатніх жывёлах. Валянціна Іванаўна прапануе дзеткам шэраг часопісаў, паказвае яркія ілюстрацыі. Малышы з цікавасцю слухаюць Валянціну Іванаўну, а яе твар асвятляе мілая ўсмешка. Жанчына кожны дзень раскрывае таямніцы дзіцячых душ і ў гэтым бачыць сваё шчасце.