Яндекс.Метрика

Інваліды…

Міласэрнасць – дзеяннем

Мы ніколі не павінны забываць аб тым, што побач з намі знаходзяцца людзі, якім у першую чаргу патрэбны нашы клопат, увага і душэўная цеплыня. Інваліды… Так распарадзіўся лёс, што гэтыя людзі маюць абмежаваныя магчымасці. Аднак ім вельмі хочацца праяўляць сваё майстэрства, ініцыятыву, удзельнічаць у грамадскім жыцці.

Вось ужо не першы год прадстаўнікі раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў” у цеснай суполцы з работнікамі Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва арганізуюць шэраг яркіх, запамінальных мерапрыемстваў для інвалідаў. У іх ахвотна ўдзельнічаюць і дзеці, і дарослыя. Шмат гасцей заўсёды збірае раённы фестываль творчасці інвалідаў “Зорка надзеі”. Яркія уражанні пакідаюць у гледачоў цудоўныя выставы, шматлікім прыхільнікам творчасці добра вядомыя імёны цудоўных паэтаў Соф’і Несцярук, Валянціны Кісель, самадзейных выканаўцаў Генадзя Матыркі і Галіны Грыгаровіч, Генадзя і Вольгі Камароўскіх, Сяргея Асоўскага, Алы Весяловай, лаўрэата шматлікіх абласных і рэспубліканскіх конкурсаў Дзяніса Аблавушкі. А з якой радасцю гледачы сустракаюць выступленні ўдзельнікаў народнага ансамбля народнай музыкі “Іграй, гармонь!”, частушачніцы Розы Карбоўскай! Нягледзячы на жыццёвыя цяжкасці, гэтыя людзі поўныя аптымізму, гаючай энергіі і дораць акружаючым радасць. Яркім пацвярджэннем гэтага сталі спартыўна-турыстычныя спаборніцтвы сярод дзяцей-інвалідаў, якія былі праведзены на ўлонні прыроды. Арганізатары спаборніцтваў -- Лепельская раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў”, Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, фізкультурна-аздараўленчы цэнтр аддзела спорту і турызму, аддзел па справах моладзі райвыканкама. Месцам правядзення спаборніцтваў была абрана прыгожая лясная паляна, на жывапісным узбярэжжы возера Люсінец.

…Зялёнае лісце дрэў пераліваецца пад шчодрымі сонечнымі промнямі, ад возера вее прыемнай свежасцю. Удзельнікі спартыўна-турыстычных спаборніцтваў выходзяць з аўтобуса і размяшчаюцца на паляне. Начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Андрэй Пшонка звярнуўся да турыстаў з прывітальным словам і правёў інструктаж.

Для таго, каб вызначыць склад каманд, з удзельнікамі спаборніцтваў была праведзена жараб’ёўка. Так, у склад каманды “Экстрым” увайшлі Валянціна Яноўская, Уладзімір Ханяк, Дар’я Каблукова, Віялета, Віталь Александровы і Анастасія Зотава. Капітанам каманды была абрана Валянціна Кісель. А вось у склад каманды “Дружба” ўвайшлі Юлія Бараноўская, Сяргей Унуковіч, Таццяна Скрыпнікава, Дзмітрый Лісічонак, Ігар Манькоўскі і Дзмітрый Гаўрушын. Капітанам каманды стаў Сяргей Мартыновіч.

Пакуль прадстаўнікі каманд рыхтаваліся да спаборніцтваў, на паляне было раскладзена вогнішча. Нарыхтоўкай сучча для кастра, усімі гаспадарчымі работамі і прыгатаваннем абеда ахвотна заняліся Сяргей Мартыновіч, Вольга Сакалоўская і Людміла Жураўлёва.

Пасля адпачынку на свежым паветры галоўныя суддзі спаборніцтваў –- дырэктар фізкультурна-аздараўленчага цэнтра аддзела фізкультуры, спорту і турызму райвыканкама Павел Занько і начальнік аддзела моладзі райвыканкама Андрэй Пшонка пазнаёмілі юных турыстаў з асноўнымі этапамі спаборніцтваў. І вось наступае хвалюючы момант. -- На старт! –- гучыць загад суддзі, і юныя турысты выходзяць на старт. Першымі праходжанне складаных этапаў спаборніцтваў пачалі ўдзельнікі каманды “Экстрым”.