Яндекс.Метрика

Прызванне –- захаваць жыццё

Упершыню ўвайшоўшы ў рэанімацыйнае аддзяленне ўстановы аховы здароўя “Лепельская цэнтральная раённая бальніца”, адчула невыказнае хваляванне. Адразу ўявіла, што менавіта тут на ўліку кожная хвіліна, кожная секунда, калі ўрачы робяць складанейшыя аперацыі, выратоўваючы людзей. У некаторых жа пацыентаў тут пачынаецца другое жыццё… Як жа патрэбны работнікам рэанімацыйнага аддзялення штодзённая вытрымка, рашучасць, уменне сканцэнтравацца ў складанай сітуацыі, імкненне падарыць чалавеку веру ў хуткае выздараўленне. Тут неабходны не толькі прафесійныя навыкі, а і ўменне зазірнуць ва ўнутраны свет чалавека, суцешыць яго душэўны боль. Можна з упэўненасцю сказаць, што сённяшні калектыў рэанімацыйнага аддзялення –- гэта адзіны зладжаны механізм, суполка адказных спецыялістаў, для якіх работа ў медыцыне стала жыццёвым прызваннем. У свой час набыўшы медыцынскую спецыяльнасць, многія з работнікаў рэанімацыйнага аддзялення аддалі любімай прафесіі не адзін дзясятак год.

-- Прыходзячы на работу, я памятаю галоўнае правіла –- кожнаму пацыенту трэба ўдзяляць як мага больш увагі, дарыць станоўчыя эмоцыі, каб ён не думаў аб сваёй хваробе. Толькі тады наступае выздараўленне, -- адзначае загадчык рэанімацыйнага аддзялення Аляксандр Гаўрылавіч Наскоў.

Высокі прафесіянал, вопытнейшы ўрач, Аляксандр Гаўрылавіч аддаў рабоце ў медыцыне каля сарака год.

…Нарадзіўся Аляксандр Гаўрылавіч у Расіі, у г.Чыта. Старшы брат Аляксандра стаў урачом-інфекцыяністам, сваімі напрацоўкамі шчодра дзяліўся з будучымі ўрачамі на кафедры інфекцыйных захворванняў Чыцінскага медінстытута. Па прыкладу брата вырашыў звязаць жыццё з медыцынай і Аляксандр. І да сваёй мэты ішоў упэўнена –- з лёгкасцю вытрымаў уступныя экзамены ў медінстытут, дзе атрымаў выдатную тэарэтычную падрыхтоўку. Тут жа, у родным горадзе, малады ўрач пачаў свой працоўны шлях. Спачатку працаваў у 1-ай гарадской бальніцы ў аддзяленнях інтэнсіўнай тэрапіі, кардыялогіі, анэстэзіялогіі і рэанімацыі.

Жыццёвыя шляхі-дарогі прывялі Аляксандра Гаўрылавіча на Лепельшчыну. У 1981 годзе ён быў прызначаны галоўным урачом Крайцаўскай участковай бальніцы Лепельскага раёна і тут жа працаваў тэрапеўтам. У 1985 годзе Аляксандр Гаўрылавіч стаў галоўным урачом цэнтральнай раённай бальніцы. Такім чынам вопытны ўрач выдатна праявіў не толькі свае прафесійныя, а і арганізатарскія здольнасці. У 1986 годзе ў цэнтральнай раённай бальніцы было адкрыта аддзяленне рэанімацыі. Працуючы кіраўніком медыцынскай установы, Аляксандр Гаўрылавіч адначасова быў і ўрачом-рэаніматолагам. З 1989 года і па сённяшні час урач узначальвае рэанімацыйнае аддзяленне.

Шматгадовы працоўны вопыт Аляксандра Гаўрылавіча стаў выдатным прыкладам для яго дзяцей. Старэйшы сын Уладзімір таксама вырашыў стаць урачом –- скончыў Віцебскі медыцынскі ўніверсітэт і зараз працуе ўрачом-анэстэзіёлагам у Віцебскім раддоме № 1. Дастойнай прадаўжальніцай сямейнай дынастыі медыкаў стала і дачка Таццяна, якая пасля заканчэння Віцебскага медуніверсітэта па размеркаванню прыехала працаваць на Лепельшчыну і зараз узначальвае аддзяленне гемадыялізу цэнтральнай раённай бальніцы.

-- Працаваць у рэанімацыйным аддзяленні вельмі зручна. У 2005 годзе быў праведзены яго капітальны рамонт. У наяўнасці ў нас ёсць сучаснае, высакаякаснае абсталяванне, якое дазваляе аказваць дапамогу людзям у любых надзвычайных сітуацыях, -- адзначае ўрач. -- Рэанімацыйнае аддзяленне аснашчана сучасным наркозна-дыхальным апаратам, пры дапамозе якога вядзецца штучная вентыляцыя лёгкіх цяжка хворых. Мы маем электракардыёграф, дзефебрылятар і дазатар, пры дапамозе якога ажыццяўляецца цэнтралізаванае падвядзенне кіслароду. Калі хворага патрэбна тэрмінова даставіць у Мінск або Віцебск, выкарыстоўваем уласны рэамабіль. Зараз вырашаецца пытанне з санавіяцыяй.

Вельмі прыемна працаваць у зладжаным і дружным калектыве, сярод аднадумцаў, адказных і адданых сваёй справе людзей, -- працягвае Аляксандр Гаўрылавіч. –- Вядома, што ў нашай рабоце здараюцца розныя сітуацыі. Усе ўзнікшыя пытанні імкнёмся вырашаць калегіяльна, дэталёва абмяркоўваем кожны складаны выпадак, далейшы працэс лячэння разам з прадстаўнікамі адміністрацыі, загадчыкамі аддзяленняў, хірургамі і г.д.

Маёй надзейнай апорай з’яўляюцца выдатныя ўрачы, адказныя спецыялісты. 18 год працуе ў медыцыне ўрач анэстэзіёлаг-рэаніматолаг першай катэгорыі Уладзімір Аляксееў, які выдатна арыентуецца ў складаных сітуацыях, самастойна прымае правільныя рашэнні. Выдатную прафесійную падрыхтоўку мае ўрач анэстэзіёлаг-рэаніматолаг Ілья Шандалесаў.

Сваім супрацоўнікам я заўсёды раю быць асабліва ўважлівымі і чулымі да пацыентаў, іх родных. Калі чалавек знаходзіцца ў цяжкім стане, вельмі важна аказаць яму маральную падтрымку, супакоіць яго ласкавым словам і пяшчотай. Не менш увагі ўдзяляем таксама родным і блізкім людзям, якім трэба ўмець цярпліва растлумачыць сітуацыю, даць пэўныя рэкамендацыі, карысныя парады. Ад гэтага залежыць шмат.

Ужо даўно заваявала павагу і аўтарытэт сярод калег і шматлікіх пацыентаў старшая медсястра аддзялення Наталля Пятроўна Валенціёнак. Скончыўшы Аршанскае медыцынскае вучылішча ў 1999 годзе, Наталля прыехала працаваць па размеркаванню на родную Лепельшчыну. Спачатку была медсястрой інфекцыйнага аддзялення. Старанную і руплівую работніцу хутка заўважылі ў працоўным калектыве і запрасілі на працу ў аддзяленне рэанімацыі.

Наталля Пятроўна ганарыцца сваімі калегамі, у якіх у свой час пераняла прафесійны вопыт. Гэта медсястра-анэстэзістка Галіна Іванаўна Даніленка, якая працуе ў рэанімацыйным аддзяленні амаль 20 год, пасля заканчэння Крыварожскага медыцынскага вучылішча. Актыўна дзеліцца сваімі напрацоўкамі з маладымі спецыялістамі медсястра-анэстэзістка Марына Уладзіміраўна Цюкала, якая аддала рабоце ў медыцыне больш за дваццаць год. Заўсёды поўная сіл і энергіі медсястра-анэстэзістка Таццяна Аляксандраўна Рымовіч. У 1993 годзе яна скончыла Невельскае медыцынскае вучылішча і з таго часу не развітваецца з любімай работай.

Выдатна ведаюць сваю справу медсёстры Кацярына Галінская, Валянціна Клундук, Алена Дзямко і Анастасія Ламека. Хутка і аператыўна выконваюць прафесійныя абавязкі медсёстры Крысціна Шнейдэрман, Святлана Пшонка і Марына Чуес.

У аддзяленні заўсёды створана ўтульнасць дзякуючы клапатлівым рукам сястры-гаспадыні Любові Стэльмах. Належную парадак і чысціню ствараюць у аддзяленні працавітыя санітаркі Алена Качалава, Ірына Забабура, Надзея Шубнік і Ларыса Сакалова.

З задавальненнем знаёмлюся з работнікамі аддзялення і ў думках уяўляю, колькі складаных сітуацый прыйшлося пабачыць гэтым людзям за гады работы.

-- Так, у нашай практыцы здаралася рознае, -- дзеліцца Аляксандр Гаўрылавіч Наскоў. –- Немагчыма забыць выпадак, калі да нас прывезлі двух хлопчыкаў-тапельцаў. Яны практычна не мелі ніякіх прыкмет жыцця. Для іх выратавання мы рабілі ўсё магчымае –- выкарысталі патрэбнае абсталяванне, неабходныя лякарствы і раптам… адбыўся цуд. Хлопчыкі засталіся жывыя. Для нас гэта стала невыказнай радасцю, а якія ж шчаслівыя былі бацькі хлопчыкаў!

Памятаю і яшчэ адну хвалюючую гісторыю. У прыёмны пакой прывезлі мужчыну, якога родныя ўжо лічылі мёртвым. Работнікі рэанімацыйнага аддзялення падключылі дэфебрылятар –- і сэрца забілася зноў… Самае галоўнае тое, што мужчына працягвае жыць і адчувае сябе нядрэнна. Самая ж галоўная ўзнагарода для нас, калі мы бачым шчаслівыя ўсмешкі сваіх пацыентаў і раздзяляем радасць іх родных.

“Здарылася так, што цяжка захварэў мой сын, -- піша ў рэдакцыю наша чытачка Зоя Драздовіч. –- Захворванне было несумяшчальнае з жыццём, і работнікамі рэанімацыйнага аддзялення было прынята рашэнне зрабіць аперацыю. Некалькі гадзін урачы-анэстэзіёлагі, хірургі змагаліся за жыццё самага дарагога і блізкага чалавека. І калі раптам нам паведамілі, што аперацыя прайшла паспяхова, і сын адчувае сябе нармальна, мы, родныя, не маглі стрымаць слёз радасці…

Хочацца выказаць гэтым выдатным спецыялістам, сапраўдным прафесіяналам, чулым, адданым сваёй справе людзям самыя шчырыя пажаданні. Няхай ім заўсёды спадарожнічаюць па жыцці моцнае здароўе, поспех ва ўсіх справах, шчасце і сямейны дабрабыт!”

Ад такіх шчырых, пранікнёных слоў сэрца напаўняецца невыказнай радасцю і захапленнем. Перад удзячнасцю пацыентаў раптам знікаюць усе цяжкасці, і зноў з’яўляюцца аптымізм, зарад бадзёрасці і новых сіл. Яны вельмі патрэбны людзям, прызваннем якіх стала захванне самага дарагога скарба –- жыцця.