Яндекс.Метрика

Радасць маладых матуль

Непаўторная летняя пара нясе з сабой пяшчоту ласкавых сонечных промняў, бадзёрыя пералівы водных хваль, паветра, напоенае прыемным пахам кветак, і ўзнёслы настрой. Як прыемна ў вольны ад працы час прайсціся ўздоўж жывапіснага узбярэжжа, атрымаць асалоду ад подыху свежага ветру, бачыць, як шчодрае сонейка лашчыць галінкі дрэў… Гэта цудоўная летняя пара прынесла вялікае шчасце для маладых жанчын, якія адчулі радасць мацярынства. У радзільным аддзяленні ўстановы аховы здароўя “Лепельская цэнтральная раённая бальніца” ў першыя дні чэрвеня сталі матулямі чацвёра жанчын, у кожнай з якіх нарадзілася дачушка. Для таго, каб павіншаваць жанчын з гэтай шчаслівай падзеяй, радзільнае аддзяленне наведалі начальнік аддзела ЗАГС Алена Бельская і начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Андрэй Пшонка.

-- Вядома, што нараджэнне дзіцяці з’яўляецца самым вялікім і неацэнным скарбам для бацькоў, -- адзначае Андрэй Мікалаевіч. –- Ні з чым немагчыма параўнаць шчырую мацярынскую радасць, калі ўпершыню чуецца звонкі і залівісты смех малыша, калі ён вымаўляе першыя словы і робіць першыя крокі. Дзеці –- гэта ўпрыгажэнне кожнай сям’і, наш святы працяг. Няхай жа вашы дзеткі заўсёды растуць здаровыя, шчаслівыя і ўпрыгожваюць вашы будні.

Прыемна адзначыць, што Андрэй Мікалаевіч –- шматдзетны тата, у сям’і якога выхоўваецца трое дзяцей. Ад аддзела ЗАГС, аддзела па справах моладзі райвыканкама, пры спонсарскай падтрымцы прадпрымальніка Таісіі Ханковай Андрэй Пшонка ўручыў жанчынам прыгожыя букеты кветак.

Найлепшыя пажаданні матулям выказала начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама Алена Бельская. Усім матулям яна ўручыла пасведчанні аб нараджэнні дзіцяці, памятныя медальоны. Паколькі кожная з жанчын дакладна вызначыла, як назаве малышку, ім былі падораны памяткі, дзе расказвалася, што азначае адпаведнае імя.

Немагчыма перадаць словамі радасць маладой матулі Кацярыны Быкавай, калі раптам у радзільным аддзяленні яна ўбачыла свайго мужа.

-- Вялікі дзякуй табе, дарагая, за дачушку! Я вас вельмі люблю, -- шчыра прызнаецца муж і дорыць каханай шыкоўны букет руж.

Кацярына і Аляксандр Быкавы стварылі сям’ю ў мінулым годзе. Кацярына па спецыяльнасці –- медсястра, раней працавала ў Мінскім гарадскім эндакрыналагічным дыспансеры. Аляксандр жа па спецыяльнасці –- будаўнік, зараз працуе ў сельскагаспадарчым вытворчым філіяле “Заазер’е” ААТ “Лепельскі МКК”.

-- Нараджэнне дачушкі –- вельмі значная падзея для нашай сям’і, -- кажа Аляксандр. –- Хачу, каб малышка расла здаровенькай, такой жа прыгожай, як яе матуля.

Аляксандр і Кацярына вырашылі назваць дачушку Ксеніяй. Дзяўчынка нарадзілася другога чэрвеня, вагой два кілаграмы 470 грамаў і ростам 55 сантыметраў.

З асаблівай радасцю сустрэла нараджэнне дачкі і Тамара Аляксеева. Жанчына нарадзілася і вырасла ў г.Яраслаўль (Расія). На Лепельшчыну яе прывёз муж. Дзмітрый па спецыяльнасці –- вадзіцель, а Тамара –- ўрач-ветэрынар.

-- Вельмі прыемна адчуваць, што побач з табой б’ецца роднае сэрцайка, -- дзеліцца маладая матуля. –- Хоць малышка яшчэ нічога не разумее, але яна адчувае цеплыню рук, пазнае маё дыханне і голас. Вельмі цікава назіраць за яе маленькімі вочкамі, няўпэўненымі рухамі. Дачушка нарадзілася вагой тры з паловай кілаграмы і ростам 55 сантыметраў. Назавём яе Міраславай.

Упершыню стала мамай Аліна Буйніцкая. Маладая маці заканчвае Лепельскі дзяржаўны прафесійны ліцэй па спецыяльнасці цырульнік, тут жа вучыцца і яе муж Іван.

-- Напэўна, самае важнае для бацькоў –- бачыць шчаслівыя твары дзяцей. Мы зробім усё магчымае для таго, каб наша дачушка была радаснай і шчаслівай. Ксюша нарадзілася вагой тры кілаграмы 150 грамаў і ростам 54 сантыметры.

Першая дачушка нарадзілася і ў Юліі Емяльянавай. Жанчына родам з вёскі Слабада, выйшла замуж і прыехала жыць у Лепель. Зараз маладая сям’я жыве разам з бацькамі мужа. Галава сям’і працуе вадзіцелем у філіяле РУВП “Віцебскхлебпрам” СВК “Пражэктар”. У гэтай жа гаспадарцы да выхаду ў дэкрэтны адпачынак працавала дыспетчарам і Юлія.

-- Пастараемся перадаць нашай малышцы найлепшыя якасці, -- кажа маладая маці. –- Вельмі хочацца, каб дачушка расла сумленнай, працавітай і добразычлівай, каб ва ўсіх справах ёй спадарожнічаў поспех. Дачушка нарадзілася вагой тры кілаграмы 595 грамаў і ростам 55 сантыметраў. Мы вырашылі назваць яе Палінай.

У час размовы з маладымі матулямі сэрца напоўнілася невыказнай радасцю. Як прыемна бачыць мілыя твары жанчын, якія далі пачатак новаму жыццю! Няхай ніколі не згасае ў іх вачах жывы агеньчык шчырай радасці і пяшчоты! Няхай у гэтых шчаслівых сем’ях заўсёды гучыць звонкі дзіцячы смех!