Яндекс.Метрика

Са сцэны вас вітае чароўная “Забава”

Бадзёрыя акорды народнай песні ўзнімаюць настрой, а гледачы заварожана сочаць за ўпэўненымі, адточанымі рухамі юных танцораў. Элементы харэаграфічнай кампазіцыі настолькі выразна дапаўняюць музычны твор, што песня і танец спалучаюцца ў адзіны непаўторны эцюд. Перад гледачамі паступова раскрываецца цікавая гісторыя, і ўжо немагчыма стрымаць станоўчыя эмоцыі. На сцэне –- удзельнікі ансамбля танца “Забава”.

Ансамблю танца ўжо споўнілася шэсць год, і за гэты час выступленні юных танцораў сталі добра вядомыя сярод шматлікіх прыхільнікаў творчасці. Яны становяцца ўпрыгажэннем многіх гарадскіх святаў і мерапрыемстваў. Кіраўнік ансамбля, выдатны харэограф Святлана Шэстала паставіла шэраг кампазіцый, і кожнай з іх уласцівыя індывідуальнасць і творчы каларыт. “Метамарфозы”, “Дудалка”, “Крок за крокам”, “Зімовы двор”, “Лявоніха”, “Чатыры двары”, “Закаблукі”, “Вечарына”, “Адпачынак на рэйдзе”… Кожная кампазіцыя нагадвае маленькі спектакль, перажыты на сцэне юнымі артыстамі. За рознакаляровай мазаікай харэаграфічных кампазіцый кіпіць штодзённая няспынная праца выкладчыка і ўдзельнікаў ансамбля, шэраг репетыцый.

-- Як жа нараджаюцца новыя замалёўкі? –- цікаўлюся ў Святланы Міхайлаўны.

-- Маімі галоўнымі натхняльнікамі ў творчасці з’яўляюцца самі дзеці, -- прызнаецца харэограф. –- Мае вучні –- гэта самы дарагі скарб. Гляджу на іх, мілых непасед, –- і тут жа з’яўляюцца новыя задумы, яркія малюнкі. Для таго, каб танец запомніўся гледачам, пакінуў ва ўсіх незабыўныя ўражанні, трэба нямала папрацаваць. Аднак калі пасля чарговага выступлення ў зале чуюцца ўвасторжаныя воклічы, не сціхаюць цёплыя апладысменты, гэта і ёсць найлепшая ўзнагарода для нас.

Чую прыемны матыў –- і ў думках з’яўляецца харэаграфічны эцюд, якому тут жа хочацца даць жыццё. Так нарадзіліся танец “Чатыры двары” на песню вядомай рускай спявачкі Надзеі Бабкінай, “Лявоніха”, ”Закаблукі” і г.д.

Быць выкладчыцай харэаграфіі Святлане Міхайлаўне было наканавана лёсам. Дзяўчынка нарадзілася і вырасла ў вёсцы Юркоўшчына, у сям’і калгасных рабочых. З самага дзяцінства Света любіла танцаваць, з задавальненнем удзельнічала ў школьных мерапрыемствах, выступала на канцэртах. І зараз яна з гумарам успамінае, як, апрануўшы новую сукенку, выходзіла на вуліцу і выступала перад аднавяскоўцамі. Тады ў нікога не ўзнікала сумнення, што ў сям’і Камека расце артыстка. І хоць навыкаў харэаграфіі Святлана не мела, пасля заканчэння васьмі класаў Старалепельскай базавай школы цвёрда вырашыла паступаць у Віцебскае вучылішча мастацтваў на харэаграфічнае аддзяленне. Святлана захапіла строгіх членаў журы сваімі прыроднымі данымі, пластыкай і артыстызмам. Яе светлая мара ажыццявілася, калі ўбачыла сябе ў спісе паступіўшых. Танец стаў для Святланы неад’емнай часткай жыцця.

-- Мне пашчасціла вучыцца ў цудоўных спецыялістаў, апантаных і творчых людзей. Сваёй творчай энергіяй зараджаў усіх навучэнцаў выдатны харэограф Юрый Кашарнаў, яркімі ідэямі шчодра дзяліўся з намі класны кіраўнік, апантаны музыкант Юрый Смірноў. Праз некаторы час Святлана стала ўдзельніцай ансамбля танца “Белыя Росы”, які быў створаны пры вучылішчы мастацтваў. Выступленні маладых танцораў уражвалі не толькі жыхароў Віцебскай вобласці, а і рэспублікі. “Белыя Росы” гастралявалі ў Германіі і Прыбалтыцы.

Віцебскае вучылішча мастацтваў Святлана скончыла “на выдатна” і была размеркавана працаваць выкладчыцай харэаграфіі ў Лепельскую дзіцячую школу мастацтваў.

За гады сваёй работы ў школе Святлана выхавала не адно пакаленне танцораў. Многія па прыкладу любімай настаўніцы таксама звязалі сваё жыццё з харэграфіяй. Нядаўнія ўдзельніцы ансамбля танца “Забава” Вольга Кузьміч, Яўгенія Казлова зараз паспяхова вучацца ў Віцебскім вучылішчы мастацтваў. Сярод 19 выпускнікоў мінулага года многія і зараз займаюцца ў ансамблі, збіраюцца стаць прафесійнымі харэографамі.

На змену выпускнікам прыйшлі маленькія танцоры. На падрыхтоўчым аддзяленні ў Святланы Міхайлаўны займаецца 16 хлопчыкаў і дзяўчынак, а ў другім класе –- 25 чалавек.

-- Усе мае вучні для мяне аднолькава блізкія і дарагія. Кожнаму імкнуся падарыць часцінку сваёй душы, зарадзіць творчай іскрынкай. Разам з імі вельмі хвалююся ў час выступленняў. Вучу дзяцей “запальваць сэрцы” гледачоў, каб кожнаму захацелася далучыцца да танца. Вельмі прыемна, што сярод маіх вучняў ёсць не толькі лепяльчане, а і жыхары бліжэйшых населеных пунктаў. Сярожа Бурэнь прыязджае на заняткі з Вялікага Поўсвіжа, а Сярожа Сінкевіч –- з Бароўкі. Па прыкладу свайго сябра Арцёма Рагавенкі прыйшоў у ансамбль Артур Кульба. З задавальненнем прыходзяць на заняткі Мацвей Вашкевіч, Ваня Федаровіч, Уладзік Закрэўскі… Наогул, усіх сваіх вучняў лічу вельмі здольнымі.

Удзельнікаў ансамбля разам з выкладчыцай можна назваць адной вялікай творчай сям’ёй. Разам са Святланай Міхайлаўнай кожны год дзеці ходзяць у паход, раскладваюць касцёр, вараць уху. Шмат уражанняў у выпускнікоў пакінуў паход на возера Святое з начоўкай у мінулым годзе.

-- Немагчыма ўявіць дзейнасць ансамбля без нашага цудоўнага акампаніятара-баяніста Валерыя Мяснікава, які вельмі тонка адчувае ўнутраны свет дзіцяці, -- адзначае Святлана Міхайлаўна. -- Для кожнага вучня ён індывідуальна падбірае музыку, задае тон дзецям у час танца. Вельмі прыемна, што ў нашым творчым жыцці актыўны ўдзел прымаюць бацькі вучняў. Менавіта за іх грошы мы набываем тканіну на касцюмы, самі ж займаемся кройкай і шыццём. Заўсёды рады пайсці мне насустрач калегі і аднадумцы. Цудоўныя дэкарацыі да танца “Зімовы двор” зрабілі мастакі Іван Будзіч, Аляксандр Саўчанка. Прапануюць сваю дапамогу ў час падрыхтоўкі да выступленняў выкладчыкі музычнага аддзялення Наталля Мазго, Ганна Панушкіна, Таццяна Літвіна. Ажыццявіць мае творчыя задумы пры распрацоўцы элементаў касцюма дапамагае муж. Гэта ён зрабіў шыкоўныя бусы для папуасаў, калі мы з дзецьмі рыхтавалі падтанцоўку да песні “Бармалей”.

Дарэчы, разам з мужам Святлана Міхайлаўна ў свой час займалася падрыхтоўкай танцавальнай залы, якая знаходзіцца ў будынку сярэдняй школы № 4. Муж зрабіў металічныя канструкцыі станкоў для заняткаў дзяцей. Сама ж Святлана выконвала работу муляра, фарбавала вокны, аклейвала шпалерамі сцены.

Старэйшы сын Святланы Міхайлаўны Арцём харэаграфіяй не займаецца, але ў свой час ён скончыў мастацкае аддзяленне дзіцячай школы мастацтваў, зараз набывае спецыяльнасць майстра халадзільнага абсталявання ў Віцебскім тэхнічным каледжы. Разам са сваімі сябрамі Арцём стварыў музычную групу, сам піша і чытае рэп. Васьмігадовая дачушка Святланы Міхайлаўны Ліза, як і маці, захапляецца харэаграфіяй, займаецца ў ансамблі танца “Забава”, а таксама пераймае навыкі вакальнага майстэрства ў педагога Таццяны Ермаловіч.

Аб высокім выканаўчым узроўні ансамбля танца сведчаць яго шматлікія перамогі на разнастайных конкурсах. Так, у 2008 годзе ансамбль танца “Забава” стаў лаўрэатам Першага раённага харэаграфічнага конкурсу “Вясновы карагод”. На чацвёртым абласным аглядзе-конкурсе народнага танца “Прыдзвінскія карункі”, які праводзіўся ў мінулым годзе ў Гарадку, ансамбль танца ўзнагароджаны Дыпломам Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці за лепшае выкананне аўтарскіх танцаў заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь, балетмайстра І.А.Серыкава. Шмат незабыўных уражанняў у гледачоў пакінула выступленне ансамбля танца “Забава” на рэгіянальным дзіцячым свяце “Двина – Дзвіна – Daugava”, якое праходзіла ў Верхнядзвінску. Граматай аддзела культуры райвыканкама за высокія творчыя дасягненні і прапаганду харэаграфічнага мастацтва сёлета ансамбль танца ўзнагароджаны на раённым фестывалі “Лепельскі карагод”, які праходзіў у рамках святкавання Дня горада. Нікога з гледачоў не пакінула раўнадушным выступленне лепельскіх танцораў, якія пад кіраўніцтвам Святланы Шэстала выканалі “Лявоніху” на плошчы Свабоды ў час святквання 570-гадовага юбілею горада.

…Па танцавальным класе разлятаюцца задорныя найгрышы, а юныя артысты вывучаюць чарговыя элементы танца. Ідзе работа над новай харэаграфічнай кампазіцыяй. Святлана Шэстала падбадзёрвае маленькіх танцораў, упэўнена адбівае рытм. З захапленнем сачу за грацыёзнымі рухамі дзетак і ад душы жадаю “Забаве” квітнець, кожны год радаваць гледачоў прыемнымі сюрпрызамі.