Яндекс.Метрика

Сагрэлі цеплынёй душы

Міжнародны Дзень абароны дзяцей –- гэта светлае, сонечнае свята. Зусім не выпадкова яно адзначаецца ў самы першы дзень лета, першы дзень школьных канікулаў.

На жаль, нам, дарослым, ужо немагчыма вярнуцца ў гэтую шчаслівую пару. А як усё ж такі хочацца застацца дзіцяці ў бесклапотнай і такой цудоўнай краіне –- “Дзяцінства”.

Dim lights

Аднак не ва ўсіх хлопчыкаў і дзяўчынак дзяцінства светлае і радаснае. Няшчасныя малышы ёсць і ў нашым раёне. Для дзетак, якія засталіся без апекі бацькоў, -- “сацыяльных сірот” -- у Лепелі адкрыты сацыяльна-педагагічны цэнтр. Тут хлопчыкам і дзяўчынкам аказваюцца ўсебаковая дапамога, падтрымка. Дзецям, пазбаўленым бацькоўскіх цеплыні і клопату, падтрымкі блізкіх людзей, неабходна адчуць, што яны камусьці патрэбны, яны дарагія і любімыя. Усё гэта змаглі падарыць выхаванцам сацыяльна-педагагічнага цэнтра госці, сябры, якія першага чэрвеня наведалі сацыяльна-педагагічны цэнтр з музычна-гульнёвай праграмай і падарункамі.

Навучэнцы ўстановы адукацыі “Лепельскі дзяржаўны прафесійны ліцэй” адразу падарылі ўсім цудоўны настрой. Ні адзін з прысутных не застаўся раўнадушным. На некаторы момант усе госці вярнуліся ў дзяцінства. Усе разам спявалі, ігралі, весяліліся, дарылі адзін аднаму цёплыя ўсмешкі і выдатны настрой. А якія ж радасныя былі выхаванцы сацыяльна-педагагічнага цэнтра! У іх вачах гарэў цёплы агеньчык, малышы проста скакалі ад шчасця.

Хочацца выказаць шчырую ўдзячнасць за падоранае свята, выдатны настрой, атмасферу дабрыні кіраўніцтву і навучэнцам Лепельскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя, настаяцелю храма Праабражэння Гасподня Сергію Ляшкевічу, кіраўніцтву суда Лепельскага раёна, аддзела ЗАГС райвыканкама, КУВП ЖКГ “Лепель”, начальніку Лепельскага РАУС, дырэктару раённага вытворчага ўпраўлення “Лепельрайгаз”, а таксама індывідуальнаму прадпрымальніку Мікалаю Лебедзеву. Вельмі прыемна, што гэтыя людзі не шкадуюць для дзяцей-сірот цеплыні свайго сэрца, ласкі і пяшчоты.