Яндекс.Метрика

Сагрэць добрым словам…

“Спяшайцеся рабіць добрыя справы, акружайце сваіх родных, блізкіх клопатам, увагай, аказвайце дапамогу іншым –- і лёс вас абавязкова ўзнагародзіць, -- адзначае Зінаіда Багдановіч, жыццёвым прызваннем якой стала работа ў медыцыне. Зінаіда Уладзіміраўна працуе старшым рэнтген-лабарантам цэнтральнай раённай бальніцы і ўжо чацвёрты год з’яўляецца старшынёй Лепельскай раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа.

Аказанне сацыяльнай дапамогі адзінокім, адзінока пражываючым людзям  і інвалідам з’яўляецца адным з асноўных накірункаў дзейнасці арганізацыі. Раённая арганізацыя аказвае гуманітарную дапамогу малазабяспечаным, шматдзетным сем’ям, інвалідам, састарэлым людзям, актыўна супрацоўнічае з моладдзю, арганізуе разнастайныя мерапрыемствы. Вучні малодшых і старэйшых класаў ахвотна ўдзельнічаюць у конкурсах малюнкаў, сачыненняў і вершаў. Заўсёды ярка і запамінальна праходзяць конкурсы, прысвечаныя здароваму ладу жыцця, прафілактыцы курэння, разнастайных захворванняў. Надзейнай памочніцай і аднадумцай Зінаіды Уладзіміраўны стала сястра міласэрнасці Тамара Цюлькіна. Яна наведвае адзінокіх састарэлых людзей, робіць ім патрэбныя працэдуры, мерыць ціск. Тамара Пятроўна заўсёды знойдзе патрэбныя словы для таго, каб суцешыць душэўны боль.

Нарадзілася Зінаіда ў вёсцы Мягелі. Скончыўшы дзесяць класаў Каменскай сярэдняй школы, падала дакументы ў Аршанскае медыцынскае вучылішча і паспяхова здала ўступныя экзамены.

Пасля заканчэння навучальнай установы была размеркавана на работу ў Лепельскі раён. Як аказалася, свабодныя працоўныя месцы былі ў Слабадской, Вораньскай і Пышнянскай участковых бальніцах. Трэба было выбраць адну з трох вёсак. Напэўна, сэрца падказала пачаць працоўны шлях у Слабадзе.

Так, у 1989 годзе ў Слабадскую ўчастковую бальніцу прыйшла працаваць маладая медсястра, якую пацыенты хутка палюбілі за душэўную цеплыню, увагу і чуласць, уменне добрым словам суцешыць боль.

Менавіта ў вёсцы Слабада Зінаіда сустрэла сваё шчасце. Васіль, малады вадзіцель пажарнага паста, звярнуў увагу на медсястру, у асобе якой убачыў сваю спадарожніцу жыцця. Хутка адбылося вяселле. Праз год у маладой сям’і нарадзіўся сынок Жэнечка. Пасля выхаду з дэкрэтнага адпачынку Зінаіда Уладзіміраўна перайшла на працу ў аддзяленне фізіятэрапіі і медыцынскай рэабілітацыі ЦРБ. Тут адпрацавала 15 год. Сям’я стала надзейнай апорай па жыцці. Муж Васіль Пятровіч працуе цесляром у будаўнічай брыгадзе ДЛГУ “Лепельскі лясгас”.   Сын Жэня -– студэнт чацвёртага курса гістарычнага факультэта БДУ.

Калі ж узнікла неабходнасць выбраць кіраўніка раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа, медработнікі падтрымалі кандыдатуру Зінаіды Уладзіміраўны. Ведалі, што жанчына з адказнасцю падыходзіць да любой справы і ўмее згуртаваць вакол сябе калектыў.

-- Напэўна, вельмі цяжка сумяшчаць грамадскую дзейнасць з асноўнай работай?

-- Вельмі прыемна, што многія гарадскія арганізацыі, прадпрыемствы ахвотна ідуць насустрач, збіраюць фінансавыя сродкі, на якія мы набываем прадукты харчавання, патрэбныя рэчы для шматдзетных, малазабяспечаных сем’яў, адзінокіх, пажылых людзей, асоб, якія вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі. Самае галоўнае тое, што наша работа прыносіць вялікую карысць людзям.

-- Разам з тым у вас ёсць яшчэ асноўная работа…

-- Працую старшым рэнтген-лабарантам у рэнтген-кабінеце цэнтральнай раённай бальніцы. Працаваць вельмі зручна, таму што кабінет аснашчаны высокатэхналагічным, сучасным абсталяваннем. Новы рэнтген-апарат дазваляе хутка выявіць шэраг захворванняў. Для зручнасці пацыентаў, у асаблівасці людзей пажылога ўзросту, выкарыстоўваецца скапічны стол. Пры гэтым радыёактыўнае ўздзеянне новага рэнтген-апарата на арганізм чалавека значна меншае, чым папярэдняга.

Зінаіда Уладзіміраўна ажыўлена расказвае мне аб сваіх шматлікіх напрацоўках, далейшых планах арганізацыі. З цікавасцю слухаю сваю суразмоўцу і ў чарговы раз пераконваюся ў тым, што ўсе цяжкасці дапамагаюць пераадольваць жыццёвы аптымізм, жаданне дапамагаць людзям. Цёплая ўсмешка гэтай жанчыны сагравае сэрцы акружаючых. З глыбіні шчырай душы зыходзяць гаючая энергія і бадзёрасць –- верныя спадарожнікі поспеху…