Яндекс.Метрика

Скарбонка талентаў

Са сцэны мілагучным лейтматывам гучаць лірычныя гукі музыкі, і ў адно імгненне зала напаўняецца шчодрымі апладысментамі гледачоў. На сцэне -- выхаванцы Лепельскай дзіцячай школы мастацтваў. Выступленні юных тэатралаў, харэографаў, музыкаў і спевакоў заўсёды становяцца яркімі акордамі кожнага гарадскога свята. Выступленні ўдзельнікаў узорнага тэатра-студыі “Сюрпрыз”, узорнага ансамбля танца “Зачаравашкі” ўжо даўно заваявалі папулярнасць не толькі ў нашай краіне, а і за мяжой. А колькі радасных хвілін дораць гледачам выступленні ўдзельнікаў узорнага духавога аркестра, харэаграфічнага ансамбля “Забава”, ансамбля юных цымбалістаў і скрыпачоў, дзіцячага аркестра народных інструментаў, творы выдатных вакалістаў і мастакоў!

Сёлета Лепельскай дзіцячай школе мастацтваў спаўняецца 50 год. За гэты час школу скончылі 1255 навучэнцаў. Для многіх з іх вучоба ў школе стала пачаткам вялікага шляху ў свет мастацтва. Выпускнікі працуюць у драматычных тэатрах, абласных філармоніях, з’яўляюцца майстрамі жывапісу, многія з іх зараз з’яўляюцца педагогамі. Лепяльчанам добра вядомае імя ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Арцёма Палонскага -- выдатнага кампазітара, які стаў першым дырэктарам Лепельскай музычнай школы. Тут вучыўся, працаваў выкладчыкам і ўжо 25 год працуе дырэктарам Барыс Кавалеўскі. Яго настаўнікам у свой час быў вядомы лепельскі кампазітар, выдатны баяніст Эдуард Літвін, у творчую скарбонку якога ўваходзяць сотні непаўторных музычных твораў. Сённяшні калектыў школы мастацтваў -- гэта адна вялікая творчая сям’я. Не адзін дзесятак год аддалі любімай працы выкладчыкі па класу баяна Анатоль Раманоўскі, Валерый Мяснікаў, выкладчык па класу фартэпіяна Ірына Фільчанкава, сапраўдныя прафесіяналы Надзея Сапрыкіна, Зінаіда Крыцкая, Таццяна Ермаловіч. Немагчыма не захапляцца творчасцю выдатных педагогаў Таццяны Лыско, Сяргея Чарнышова, Івана Будзіча, Аляксандра Саўчанкі і многіх іншых. Аб штодзённай няспыннай працы педагогаў кажуць шматлікія поспехі юных творцаў. Гонарам школы з’яўляецца узорны тэатр-студыя “Сюрпрыз”. Выдатныя рэжысёры і педагогі, спадарожнікі па жыцці Віктар і Наталля Джамілашвілі разам з дзецьмі паставілі не адзін цудоўны спектакль, праславіўшы Лепельшчыну за межамі рэспублікі.  На фестывалі дзіцячых і школьных тэатраў “Залатая рыбка” ў Эстоніі юныя тэатралы атрымалі Гран-пры. Двойчы яны выступалі на сцэнах абласной філармоніі і тэатра імя Якуба Коласа ў рамках фестываляў дзіцячай творчасці і “Школьны тэатр”. Адразу пасля заканчэння школы два выпускніка тэатральнага аддзялення Ірына Цішкевіч і Цімур Жусупаў сталі працаваць акцёрамі Беларускага тэатра імя Якуба Коласа.

Немагчыма не захапляцца выступленнямі юных удзельнікаў узорнага ансамбля танца “Зачаравашкі” пад кіраўніцтвам Дзіяны Былінскай, якія прымаюць актыўны ўдзел у разнастайных конкурсах і фестывалях. Два гады запар “Зачаравашкі” былі ўдзельнікамі харэаграфічнага фестывалю “Дывертысмент” у г.Нарва (Эстонія). Юныя танцоры праславілі Лепельшчыну на харэаграфічным фестывалі ў Венгрыі. Пасля ўдалага выступлення ўзорны ансамбль танца атрымаў Падзячнае пісьмо пасольства Рэспублікі Беларусь ў Венгрыі і прапанову аб далейшым супрацоўніцтве.

Цудоўная музычная афарбоўка ажыццяўляецца інструментальным ансамблем выкладчыкаў, якому ў снежні 2007 года было прысвоена званне “народны” (кіраўнік -- Таццяна Ермаловіч).

Немагчыма не захапляцца творчасцю ўзорнага духавога аркестра навучэнцаў. Яго ўзначальвае Мікалай Гегельскі -- былы ваенны музыкант, які ўвесь свой час удзяляе рабоце з калектывам. Выхаванцы Мікалая Іванавіча працягваюць вучобу ў Віцебскім і Наваполацкім музычным вучылішчах, каледжы імя І.А.Ахрэмчыка. Калектыў аркестра неаднаразова быў пераможцам разнастайных конкурсаў і фестываляў духавой музыкі. Апошні з іх -- фестываль дзіцячай духавой музыкі “Віват, аркестр! праходзіў у г.Лепелі.

У цяперашні час у школе працуе 39 выкладчыкаў, а свае творчыя здольнасці развіваюць 500 навучэнцаў. Шмат незабыўных уражанняў у гледачоў пакідаюць святочныя канцэрты, спектаклі, выставы і г.д. Выступленні юных творцаў заўсёды ператвараюцца ў яркія і незабыўныя святы. Свой чарговы сюрпрыз вучні і выкладчыкі дзіцячай школы мастацтваў падрыхтавалі і да 50-гадовага юбілею школы. У сераду, 26 лістапада, у актавай зале Лепельскага раённага Дома культуры адбудзецца цудоўны канцэрт. Кожнаму з гледачоў будзе падорана шмат яркіх уражанняў і незабыўных хвілін.