Яндекс.Метрика

Святло цудатворных ікон

-- Праваслаўны храм мы наведваем усёй сям’ёй. Верым, што Гасподзь дае нам сілу пераадольваць усе жыццёвыя цяжкасці, накіроўвае на правільны шлях, ачышчае душу. Вельмі радасна, што шматлікія веруючыя маюць магчымасць звярнуцца да вялікіх святыняў –- цудатворных ікон, якія часта размяшчаюцца ў праваслаўных храмах. Хацелася б даведацца, калі ў бліжэйшы час у Лепелі зноў з’явяцца цудатворныя іконы, -- звярнулася ў рэдакцыю наша пастаянная чытачка Таццяна Жарнасек.

У адказ на гэта пытанне настаяцель храма Раства Хрыстова іерэй Адам Каляда адзначыў:

-- У бліжэйшы час Лепельшчына будзе сустракаць Усебеларускі Хрэсны ход “Пад покрывам Прасвятой Багародзіцы”, якія перасякае межы раёна 22 чэрвеня і прыбывае ў вёску Домжарыцы. Удзельнікі Хрэснага ходу нясуць цудатворныя іконы Божай Маці “Жыровіцкая” і прападобнай Ефрасінні Полацкай з часцінкай яе мошчаў. Прыкласціся да ікон можна будзе ў Лепелі, у храме Раства Хрыстова, з 24 па 26 чэрвеня бягучага года на працягу дня.

Расклад руху Хрэснага ходу наступны:

22 чэрвеня -- прыбыццё ў вёску Домжарыцы і адпачынак; 23 чэрвеня адбудуцца малебен, пачатак руху, прыбыццё ў вёску Слабада, а затым пачнецца адпачынак; 24 чэрвеня –- малебен, пачатак руху ў г.Лепель, сустрэча ў Паклоннага Крыжа на трасе “Віцебск – Мінск” каля 11-12 гадзін, рух праз храм Божай Маці “Уладзімірская” па вуліцы Партызанская, храм Прэабражэння Гасподня па вуліцы Чуйкова, а таксама храм Раства Хрыстова.

З 24 па 26 чэрвеня бягучага года цудатворныя іконы будуць знаходзіцца ў храме Раства Хрыстова. Тут пройдуць Божая літургія, малебен, а затым запланаваны адпачынак.

27 чэрвеня пройдзе малебен, пачнецца рух у вёску Бароўка, пасля прыбыцця –- адпачынак.

28 чэрвеня бягучага года адбудзецца малебен, пачнецца рух у пасёлак Бачэйкава.

Шчыра запрашаем наведаць праваслаўны храм і прачытаць словы малітвы ля цудатвторных ікон!