Яндекс.Метрика

“Вучань года-2011”

Яркім завяршэннем навучальнага года ў Слабадской сярэдняй школе стала цікавае мерапрыемства “Вучань года-2011”. Загадзя вучні і класныя кіраўнікі пятых-адзінаццатых класаў павінны былі разам абмеркаваць і прадставіць тых вучняў, якія могуць прэтэндаваць на гэты ганаровы тытул. Адбор канкурсантаў праводзіўся па шэрагу параметраў.

Ва ўтульнай, упрыгожанай зале сабралася шмат гледачоў і балельшчыкаў. У склад журы ўвайшлі настаўнікі школы, бацькі і члены раённай арганізацыі ГА “БРСМ”. Прысутных вельмі ўразілі візіткі-прэзентацыі вучняў. Гэта былі і казкі, і песні, і вершы. Журы адзначыла вышэйшым балам каманды шостага і дзясятага класаў. На наступных этапах конкурсу былі падрыхтаваны інтэлектуальныя, творчыя і развіццёвыя заданні.

Паміж этапамі конкурсу для гледачоў былі падрыхтаваны музычныя хвілінкі ў выкананні малодшых выхаванцаў. Такім чынам дзеткі маральна падтрымлівалі ўдзельнікаў конкурсу. У час правядзення мерапрыемства ва ўсіх быў сапраўдны святочны настрой.

Усе канкурсанты выдатна праявілі свае здольнасці, аднак, як кажуць, перамагаюць мацнейшыя. Пераможцай конкурсу стала Вераніка Маляўка. Дарэчы, гэта дзяўчынка -- актыўная ўдзельніца шматлікіх школьных і раённых конкурсаў. Яна наведвае Лепельскую дзіцячую школу мастацтваў і марыць стаць спявачкай. Без песень юнай артысткі не праходзіць ніводнае школьнае свята. Да таго ж Вераніка піша вершы пра родную вёсачку Слабада, выдатна вучыцца і займае прызавыя месцы ў раённых алімпіядах. Так, у 2010-2011-ым навучальным годзе Вераніка заняла другое месца ў раённай алімпіядзе па матэматыцы і трэцяе месца -- па беларускай мове.

Такія дасягненні і захапленні канкурсанткі не маглі не ўлічыць і не ацаніць члены журы.

Удзельнікі конкурсу былі адзначаны ў розных намінацыях. Гэта мерапрыемства стартавала сёлета і будзе праходзіць у школе з году ў год.