Яндекс.Метрика

Яркасць колераў і гармонія

Вясковая хатка, з усіх бакоў атуленая зелянінай пышных дрэў, упрыгожаная водным люстрам, навявае прыемныя ўспаміны, заспакойвае сэрца маўклівы зімовы пейзаж. Радуе вока яркая рознакаляровая мазаіка арыгінальных вырабаў. Свежым вераснёўскім пахам яблыкаў павявае ад карціны, выкананай на шкле. А як шыкоўна выглядаюць распісаныя вазы, кампазіцыя, выкананая ў тэхніцы бацік! Ад кожнай работы павявае свежасцю і душэўнай цеплынёй. Аўтар непаўторных твораў -- Кацярына Сокур.

Любоў да мастацтва ў Кацярыны Васільеўны нарадзілася ўжо ў дзіцячыя гады. І зараз жанчына з захапленнем успамінае, як у вольны ад вучобы час з задавальненнем малявала паштоўкі з прыгожымі кветкамі, разнастайнымі казачнымі сюжэтамі. Ужо тады ў дзяўчынкі сфарміраваўся адпаведны творчы почырк. Пасля заканчэння Каменскай сярэдняй школы Кацярына стала студэнткай мастацка-графічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Кірава. Свой працоўны шлях Кацярына пачала ў сярэдняй школе № 1, дзе вучыла дзяцей маляванню і чарчэнню. Потым жанчына некаторы час працавала ў Светлагорску. Вярнуўшыся на Радзіму, творца зноў працягвала работу ў сярэдняй школе № 1, а затым уладкавалася на працу ў дзіцячы сад № 1 кіраўніком эстэтычнага выхавання. Кацярына Васільеўна вельмі любіць дзяцей, умее зрабіць іх заняткі цікавымі, змястоўнымі і проста не ўяўляе свайго жыцця без любімай прафесіі. І тут, у дзіцячым садзе, жанчына не развітваецца з творчасцю. У 2007 годзе разам з іншымі работнікамі сада яна пачала наведваць гурток ручнога ткацтва пад кіраўніцтвам Вольгі Ганчар. Стварэнне габелена -- даволі працаёмкі і складаны працэс, які патрабуе шмат цярплівасці і займае шмат часу. Аднак крапатлівая праца, бясконцая фантазія і натхненне прынеслі плён. Кацярына Васільеўна неаднаразова знаёміла гледачоў з уласнымі творамі на выставах у салоне-магазіне “Скарбонка”. З 2009 года разам з калегамі майстрыха пераймае ў Вольгі Ганчар навыкі роспісу па шкле.

-- Вакол нас акружаюць непаўторныя краявіды, ад якіх проста немагчыма адвесці вачэй, -- адзначае Кацярына Васільеўна. -- Імкнуся адлюстраваць іх у сваіх творах. Мая самая любімая работа -- габелен, дзе вы бачыце хатку на беразе возера, з усіх бакоў акружаную пышнымі дрэвамі. Гэта мой родны дом, размешчаны ў вёсцы Заслаўкі. Некаторыя сюжэты сваіх будучых твораў знаходжу ў часопісах, на фотаздымках. Асабліва мне падабаецца займацца дэкаратыўна-прыкладной творчасцю, распісваць вазы, ствараць карціны з салёнага цеста. Работа заўсёды будзе прыгожай тады, калі ў яе ўкласці часцінку сэрца.

Наогул, у нашым калектыве пануе цудоўная творчая атмасфера. Мае супрацоўнікі выдатна малююць, займаюцца разнастайнымі відамі рамёстваў. Дзякуючы іх майстэрству, унутранае памяшканне дзіцячага сада нагадвае незвычайную казку. У нас расце шмат кветак, размешчана шмат цудоўных вырабаў. Вельмі прыемна працаваць з аднадумцамі, людзьмі, адданымі сваёй справе, якія ў кожным выпадку рады даць карысную параду, падтрымаць добрым словам.

Многія свае работы Кацярына Васільеўна дорыць родным і сябрам. Шмат уласных твораў упрыгожваюць хатнія пакоі яе дому. Дачка Кацярыны Васільеўны Аня вучыцца ў адзінаццатым класе сярэдняй школы № 1, з’яўляецца ўдзельніцай узорнага ансамбля танца “Лілея”. І хоць сама яна дэкаратыўна-прыкладной творчасцю не займаецца, вельмі цэніць творы сваёй маці.

-- Да стварэння сваіх работ Кацярына Васільеўна адносіцца асабліва старанна. Яна працяглы час працуе над колерам, падбірае рамку да адпаведнай карціны, -- расказвае кіраўнік гуртка роспісу па шклу Вольга Ганчар. -- Гледзячы на работы Кацярыны Васільеўны, адчуваеш вялікую любоў да прыроды, родных краявідаў.

Наколькі прыгожыя і непаўторныя творы Кацярыны Васільеўны, шматлікія аматары мастацтва ўпэўніліся, пабываўшы на адкрыцці яе выставы “Сэрцу мілыя матывы” ў салоне-магазіне “Скарбонка”. Павіншаваць мастачку з гэтай незабыўнай падзеяй прыйшлі яе родныя, сябры і калегі.

Яркасць колераў, натхненне, фантазія і душэўная прыгажосць зліліся ў адзінай гармоніі, якая раскрывае перад гледачом дарагія сэрцу мясціны. Гаючае цяпло, што зыходзіць ад кожнай з работ, уздымае настрой і дорыць невыказную асалоду...