Яндекс.Метрика

Жывы агеньчык дабрыні

Калі я падышла да ўтульнага дома шматдзетнай сям’і Міхайлавых, пачула вясёлы дзіцячы смех. Гаспадыня Наталля Мікалаеўна завіхалася ля градак, а побач з ёй шчабяталі дачушкі-памочніцы. Непадалёк разам з татам штосьці майстравалі хлопчыкі.

-- Можна да вас зайсці?

-- Праходзьце, калі ласка, мы заўсёды рады гасцям, -- ветліва сустракае мяне матуля.

З лютага бягучага года шматдзетная сям’я Міхайлавых пачала жыць у доме сямейнага тыпу па вуліцы Чуйкова. Наталля Мікалаеўна і Уладзімір Аляксандравіч жывуць разам 17 год. Так распарадзіўся лёс, што сваіх дзяцей у іх няма. Аднак так хацелася камусьці падарыць свае клопат, увагу і пяшчоту! Наталля Мікалаеўна і Уладзімір Аляксандравіч выхоўваюць сямёра дзяцей, якія раней знаходзіліся ў прытулку.

-- Дзеці для нас –- сэнс жыцця, -- кажа Наталля Мікалаеўна. –- Так, мы атрымліваем на іх грашовую дапамогу, нам ідзе працоўны стаж. Аднак мы не лічым выхаванне дзяцей работай. Для нас гэта жыццё.

… Наталля нарадзілася і вырасла ў далёкім Азербайджане, у сям’і ваеннаслужачага. Вядома, што пасля развалу Савецкага Саюза нялёгка жылося. Калі Наталлі споўнілася 16 год, бацькі адправілі яе да сваіх родных у Мінск. Дзяўчына ўладкавалася на працу вязальшчыцай у Рэспубліканскі Дом мадэляў трыкатажных вырабаў. У Мінск прыехаў працаваць разам са сваім сябрам і Уладзімір. Хлопцам неабходна было зняць кватэру. Знайшлі аб’яву і прыехалі паглядзець жылое памяшканне. Гаспадыняй кватэры была Наталля, але Уладзімір яшчэ не ведаў аб гэтым, сустрэўшы маладую прыгожую дзяўчыну ў пад’ездзе дома.

-- Калі я ўпершыню ўбачыў Наталлю, зразумеў, што гэта менавіта тая дзяўчына, з якой жадаю звязаць далейшы лёс, -- успамінае Уладзімір Аляксандравіч. –- Гэта было каханне з першага погляду.

-- Не паверыце, але ў асобе Уладзіміра я адразу ўбачыла свайго мужа, -- дзеліцца Наталля. –- У час размовы я зразумела, наколькі блізкі для мяне гэты чалавек.

На наступны дзень Уладзімір зрабіў Наталлі прапанову рукі і сэрца, і з таго часу яны ўжо не развітваліся. У 1994 годзе маладыя ўступілі ў шлюб. Некаторы час жылі і працавалі ў Мінску, а праз два гады прыехалі жыць у Заслонава, да бацькоў Наталлі.

Маладыя муж і жонка адкрылі ўласную вытворчасць мяккіх цацак. Уладзімір прывозіў тканіну, цешча займалася кройкай, Наталля шыла, а потым разам з мужам прадавала цацкі ля метро ў Санкт-Пецярбурзе. Да таго ж Уладзімір займаўся будаўніцтвам, рамонтнымі работамі. Так маладыя муж і жонка зарабілі грошы і набылі дыхтоўны дом у вёсцы Грыгаравічы. Праз некаторы час маладая сям’я захацела вярнуцца ў Заслонава, бліжэй да сваіх родных. Прадалі дом і набылі ў ваенным гарадку новую кватэру. Здавалася б, усё было ў Наталлі і Уладзіміра –- жылі ў дастатку, ладзе і згодзе, з задавальненнем працавалі. Не хапала галоўнага –- дзіцячага смеху ў доме.

-- Неяк перад Новым 2002 годам тата раптам кажа: “Давайце на свята возьмем з сацыяльнага прытулка дзетак, купім ім шмат падарункаў -- цацак, цукерак -– падорым ім сапраўднае свята!”, -- расказвае Наталля. –- Я пагадзілася, а потым уявіла, як нялёгка будзе гаротных малышоў пасля свята вяртаць назад. Ім жа хочацца, каб маці і тата былі заўсёды. Тады ў мяне ўзнікла жаданне стаць прыёмнай мамай, захацела ўзяць з прытулка дзяўчынку. Адразу звярнула ўвагу на чатырохгадовую малышку: махае ручкамі, штосьці ўвесь час шчабеча… Вось яна, мая дачушка. Дзіяна хутка прывыкла да нас, а мы прывязаліся да яе. Мілы светлавокі анёльчык напоўніў наш дом невыказнай радасцю.

Праз тры гады вырашылі ўзяць з прытулка хлопчыка. Адразу звярнулі ўвагу на сур’ёзнага, дысцыплінаванага Уладзіка. Яму тады было дзевяць год. Спачатку прыйшлося прайсці праз цяжкасці. Вядома, Уладзік разумеў, што не мы яго родныя бацькі. Шукалі да хлопчыка індывідуальны падыход, угаворвалі яго, але ўсё было безвынікова. Што ж, быць блізкім –- не прымусіш.

Вырашылі Уладзіка вярнуць у прытулак. Немагчыма перадаць словамі наша хваляванне, калі, прыехаўшы ў прытулак, хлопчык схапіў мяне за рукі і сказаў: “Даруй, мама…”. Так Уладзік вярнуўся да нас. У лютым 2010 года нам прапанавалі ўзяць браціка з сястрычкай Дзіму з Алінай. Восем месяцаў таму ў нас з’явіўся чатырохгадовы Уладзік. Мінулым летам нашы дзеткі адпачывалі ў санаторыі і пасябравалі там з брацікамі Кірылам і Алёшам. Дзеці вельмі захацелі жыць адной сям’ёй. Такім чынам, два месяцы таму наша сям’я папоўнілася яшчэ на два чалавекі. Усім узнімае настрой хатні любімец –- сабака пароды пекіной па мянушцы Муха.

-- Для сваіх дзяцей мы нічога не шкадуем, -- кажа Наталля Мікалаеўна. –- Мы робім усё магчымае для таго, каб іх дзяцінства было самым шчаслівым. Усёй сям’ёй ездзім у Віцебск, Мінск, наведваем дзіцячае кафэ. Яркия сямейныя падзеи здымаем на відэакамеру. Немагчыма перадаць радасць, калі за святочным сталом збіраецца ўся наша дружная сям’я. Прыязджаюць з Заслонава мае бацькі, вакол рассаджваюцца дзеці. Усім хапае месца за сталом. Хіба не гэта сапраўднае шчасце?

Разам з Наталляй Мікалаеўнай праходзім па ўтульных пакоях іх новага дома. Тата сваімі рукамі ў зале змайстраваў для дзяцей цудоўную казачную палянку. Вакол бярозы расце шмат кветак.

На першым паверсе размяшчаюцца пакой бацькоў і пакой Алёшы з Кірылам. Алёша вучыцца ў трэцім, а Кіруша –- у другім класе сярэдняй школы № 4. На другім паверсе жывуць самы старэйшы Улад, Дзіма і маленькі Уладзік. Старэйшаму сыну хутка будзе чатырнаццаць, Дзіму ўжо 12 год, а маленькаму Уладзіку –- пяць, наведвае дзіцячы садок. Тут жа, на другім паверсе, у сваім пакоі размясціліся трынаццацігадовая Дзіяна і Аліна, якой дзесяць год.

Галава сям’і Аляксандр Уладзіміравіч стаў для сваіх дзяцей прыкладам працавітасці, адданасці сваёй справе. Ён умее выканаць любую мужчынскую работу -- сам вырабляе вокны, дзверы, займаецца аддзелачнымі работамі, рамантуе абутак, умее зрабіць прыгожую агароджу з каменю. Хлопчыкі вучацца майстэрству ў свайго таты, ахвотна дапамагаюць яму.

Старэйшы Улад –- спартыўны хлопчык, у будучым жадае быць настаўнікам фізкультуры. Дзіма таксама мае добрую фізічную загартоўку і хоча стаць выратавальнікам. Дзіяна –- рамантычная і ўзнёслая асоба. Дзяўчынка шмат чытае, піша апавяданні і вершы, вучыцца іграць на скрыпцы ў Заслонаўскай школе мастацтваў, а яшчэ вяжа сукенкі для лялек, сурвэткі. У будучым Дзіяна марыць стаць рэжысёрам. Аліна выдатна вучыцца ў школе, захапаляецца матэматыкай, любіць чытаць на рускай і беларускай мовах. Дзяўчынка -– сапраўдная рукадзельніца, ахвотна займаецца бісерапляценнем, вышывае і вяжа. Пяцігадовы Уладзік ужо вывучае табліцу памнажэння, ведае літары, разам з сястрычкамі цікавіцца прыказкамі, прымаўкамі і вершамі. Усе дзеці з задавальненнем займаюцца ў секцыі таэквандо.

У сям’і Міхайлавых ёсць свой аўтамабіль “Пежо-806”. Такім чынам, ёсць магчымасць у любы спрыяльны час адпачыць на прыродзе, наведаць родных.

Наталля Мікалаеўна шчыра запрашае мяне на кубачак кавы. Быццам жвавыя вясёлыя птушаняты, на кухню забягаюць дзеці. Маленькі Уладзік сядае на рукі да матулі. Побач размяшчаюцца Улад, Дзіма, Кірыл і Алёша. Сястрычкі Дзіяна і Аліна расказваюць аб сваіх поспехах.

-- Нашы мама і тата -– самыя добрыя, шчырыя, прыгожыя, разумныя… Самыя-самыя, -- перабіваючы адзін аднаго, кажуць дзеці.

Матуля шчыра ўсміхаецца ў адказ.

-- Дзеці, хутка мыем рукі і -- за стол, -- камандуе тата.

Хлопчыкі і дзяўчынкі дружна ўсаджваюцца і абдымаюць бацькоў. Вось яно, сапраўднае бацькоўскае шчасце! У Наталлі Мікалаеўны і Уладзіміра Аляксандравіча хапае душэўнай ласкі і цеплыні на ўсю вялікую сям’ю. Няхай ніколі не згасае ў іх вачах жывы агеньчык дабрыні, а ў гэтай дружнай сям’і заўсёды жыве радасць!